Лідар АГП Мікалай Казлоў вырашыў удзельнічаць у праймерыз



Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў вырашыў удзельнічаць у выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі (праймерыз).

„Мая стратэгічная задача — выйграць праймерыз і выбары. Задача меншая — выйграць праймерыз і стаць адзіным кандыдатам”, — заявіў ён БелаПАН.

Паводле слоў Казлова, падаць заяўку ў штаб праймерыз ён збіраецца 12 лютага. У якасці прэтэндэнта яго вылучыла АГП, подпісы палітык не збіраў.

„У праймерыз удзельнічаю, каб падняць людзей, паказаць, што альтэрнатыва ёсць, паказаць сваю праграму, паказаць, што байкі уладаў аб тым, што Лукашэнка — адзіны, хто нешта можа, гэта няпраўда. За 25 гадоў усё, што змог стварыць Лукашэнка, — гэта жабрацкая карумпаваная краіна, дзе ўся сістэма прасякнутая карупцыяй. Усё, што ён будаваў, будаваў пад сябе, быццам Беларусь яго падворак. Мірыцца з гэтым нельга”, — падкрэсліў Казлоў.

Ён нагадаў, што ў выпадку адмовы ЦВК зарэгістраваць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмсіл і пры наяўнасці рэпрэсій у дачыненні да актывістаў апазіцыя будзе заклікаць да актыўнага байкоту. „Мы не збіраемся моўчкі сядзець і глядзець, як Лукашэнка перапрызначыць сам сябе. Самае горшае, што можа быць, — гэта пасіўна сядзець і ігнараваць праймерыз і выбары. Я маю на ўвазе простых людзей, якія больш за ўсіх пакутуюць. Пакуль яны не скажуць „хопіць”, беззаконне, якое адбываецца, будзе працягвацца”, —- лічыць лідар АГП.

Мікалай Казлоў — падпалкоўнік запасу, служыў на пасадзе старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах крымінальнага вышуку, 17 гадоў прапрацаваў ва УУС Цэнтральнага раёна Мінска. На парламенцкіх выбарах 2008 года ён выкрыў фальсіфікацыі членаў адной з участковых камісій, далажыў пра гэта начальству, але, не дачакаўшыся рэакцыі, расказаў пра ўсё СМІ і неўзабаве пайшоў у запас. У АГП — з 2012 года.

Пагадненне аб працэдуры праймерыз падпісалі БСДП (Грамада), Партыя БНФ, АГП, аргкамітэт БХД і рух „За Свабоду”. Выбары адзінага кандыдата прадугледжваюць выкарыстанне рэйтынгавай сістэмы. Размеркаванне балаў паміж прэтэндэнтамі пройдзе на аснове інтэрнэт-галасавання, галасавання ў рэгіёнах і галасавання дэлегатаў Кангрэса дэмакратычных сіл, які плануецца правесці ў другой палове мая. Там жа будзе абвешчаны адзіны кандыдат. Для ўдзелу ў галасаванні па выбары адзінага кандыдата прэтэндэнт павінен альбо вылучыцца ад зарэгістраванай партыі ці грамадскай арганізацыі, альбо сабраць 200 подпісаў. Акрамя таго, прэтэндэнт павінен унесці ўнёсак у эквіваленце 500 еўра.

Прыём заявак завяршаецца 16 лютага. Канчатковы спіс прэтэндэнтаў плануецца абвясціць 4 сакавіка.

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.

belapan.by