Аляксандр Кабанаў: Нам не пакідаюць ніякага іншага выбару
Берасцейцы ўжо два гады змагаюцца супраць акумулятарнага завода “АйПаўэр”. Але сітуацыя зараз склалася патавая. Актывісты супраціву не могуць зрабіць грамадскую экалагічную экспертызу з-за яўна падробленых дакументаў, якія ім выдала прадпрыемства.
На пададзеныя скаргі ў розныя інстанцыі пакуль адказаў амаль няма, гаворыць актывіст супраціву, блогер Аляксандр Кабанаў:
– Была напісаная заява ў міліцыю, у пракуратуру, у адміністрацыю прэзідэнта. Усюды, дзе толькі магчыма. Пра тое, што гэта не дакумент, гэта “ліпа”. Што нас зноў спрабуюць падмануць. Дасюль адказу няма. З Мінпрыроды ўчора прыйшоў адказ – звычайная адпіска.
Паводле Кабанава, з прадастаўленых дакументаў на экспертызу бачна, што выкіды свінцу павялічыліся з трох кілаграмаў да 30 у год, а выпуск акумулятараў з аднаго мільёна да сямі з паловай. Рэакцыі ўладаў на новыя лічбы няма:
– Нам не пакідаюць ніякага выбару акрамя страйкаў, транспарантаў, акрамя шэсцяў, каб заявіць пра сябе зноў, што, рабяты, вы знахабіліся. І ўжо гаварыць не толькі пра завод.
„Усім добра вядома, што ў краіне ўсё залежыць ад аднаго чалавека. А яго акружэнне – гэта не прафесіяналы, а толькі прыслужнікі. Таму патрабаванні па заводу пяройдуць у палітычную плоскасць,” – кажа актывіст.
Беларускае Радыё Рацыя