Ці выкарыстае зборная Беларусі па футболе ўнікальны шанец?



Чэмпіён Савецкага Саюза ў складзе менскага «Дынама» 1982 года прагназуе, ці можа нацыянальнай каманда ўпершыню ў гісторыі патрапіць у фінальную частку чэмпіянату Еўропы па футболе.

Зараз зборная Беларусі па футболе працягвае падрыхтоўку да адказных матчаў плэй-оф Лігі нацый. 19 лютага каманда вылятае ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе 23 лютага правядзе спарынг з камандай Узбекістана, а 26 лютага беларусы ў Балгарыі згуляюць з мясцовай нацыянальнай зборнай.

Нагадаем, што зборная атрымала ў гэтым годзе ўнікальную магчымасць патрапіць у фінальную частку чэмпіянату Еўропы-2020 праз Лігу нацый.

Беларуская каманда ўжо прайшла групавы турнір, і 26 сакавіка яе чакае выязная сустрэча супраць каманды Грузіі. Лепшы ў гэтым матчы 31 сакавіка згуляе дома супраць пераможцы пары Паўночная Македонія – Косава за месца ў фінальнай частцы ЕЎРА-2020.

Валерый Мельнікаў: Не разумею тых, хто кажа, што нашай зборнай наогул няма чаго рабіць у кампаніі грандаў еўрапейскага футбола. Маўляў, сораму не абяромся.

Я лічу такія разважанні глупствам. УЕФА якраз і дае праз Лігу нацый шанец краінам, якія праз адборачныя турніры практычна ніколі б не патрапілі не еўрапейскае першынства.

Нам паступіла прапанова паспрабаваць свае сілы на турніры мацнейшых, але што ў гэтым дрэннага? І хто ведае, як там сябе пакажа каманда? Можа наадварот сенсацыйна пераможам кагосьці з грандаў. Чаму гэта немагчыма?

Хіба нехта верыў у перамогу барысаўскага БАТЭ над славутай «Баварыяй»? Дарэчы, у Лізе чэмпіёнаў таксама спрасцілі працэдуру таго, каб клубы з нефутбольных краін маглі патрапіць у групавы турнір. І, як бачым, за БАТЭ сорамна не было.

РР: Ці не правільней было б, каб на чэмпіянаце Еўропы ўсё-такі гулялі тыя, хто на сёння мацнейшы…

Валерый Мельнікаў: Мацнейшыя і так будуць гуляць, гэта ніяк не адаб’ецца на відовішчнасці. Проста даюць магчымасць адчуць атмасферу еўрапейскага футбольнага свята і такім краінам, як Беларусь. На мой погляд, гэта добра.

РР: Якія шанцы ў нашай зборнай патрапіць на ЕЎРА-2020?

Валерый Мельнікаў: Пры ўсёй павазе да зборных Грузіі, Паўночнай Македоніі альбо Косава – гэта абсалютна прахадныя каманды. Таму шанцы ў нас вельмі добрыя, і іх абавязкова трэба выкарыстоўваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя