Польшча выдзеліла беларускім аўтаперавозчыкам 700 дадатковых дазволаў



Польшча выдзеліла беларускім аўтаперавозчыкам 700 дадатковых дазволаў, паведаміла Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі.

„У выніку праведзенай Мінтрансам працы з польскім бокам дасягнутая дамоўленасць аб перадачы для беларускіх перавозчыкаў 700 „двухбаковых і транзітных” дазволаў Рэспублікі Польшча на міжнародныя перавозкі грузаў аўтамабільным транспартам з абмежаваннем „выключна для перавозак для ўласных патрэб”, — адзначылі ў Мінтрансе.

Выкарыстанне гэтых дазволаў дапускаецца выключна для міжнародных перавозак грузаў аўтамабільным транспартам для ўласных патрэб, а менавіта пры ўмове, што адпраўнік і перавозчык з’яўляюцца адной і той жа асобай пры ажыццяўленні перавозкі з Беларусі і/або перавозчык і атрымальнік з’яўляюцца адной і той жа асобай пры ажыццяўленні перавозкі ў Беларусь.

Вызначана таксама, што пры вяртанні ў Транспартную інспекцыю пасля выкарыстання названых дазволаў неабходна падаць копію накладной, якая пацвярджае іх мэтавае выкарыстанне для выканання міжнародных аўтамабільных перавозак для ўласных патрэб.

У канцы 2019 года беларускія аўтаперавозчыкі, у асноўным невялікія фірмы і прадпрымальнікі, сутыкнуліся з праблемай пры выдачы дазволаў на ажыццяўленне грузаперавозак у Польшчу.

„З прычыны таго, што колькасць дазволаў, якія размяркоўваюцца, меншая, чым патрэба перавозчыкаў у іх, і эканамічныя паказчыкі дзейнасці перавозчыкаў, якія ўлічваюцца пры размеркаванні, не аднолькавыя, то не ўсе задаволеныя вынікамі размеркавання, што і адбылося цяпер у дачыненні да дазволаў Польшчы”, — растлумачыла беларускае транспартнае ведамства.

Мінтранс таксама раней адзначаў, што ў выніку праведзенай працэдуры размеркавання польскіх дазволаў на першы квартал 2020 года з 1.865 суб’ектаў гаспадарання, якія праінфармавалі Транспартную інспекцыю аб намеры іх атрымання, польскія дазволы размеркаваныя 1.243 перавозчыкам. З іх 96% — гэта арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі з колькасцю транспартных сродкаў не больш за 30 адзінак, 52% — гэта перавозчыкі з колькасцю транспартных сродкаў не больш за 5 адзінак, і толькі 1% — гэта арганізацыі больш як са 100 транспартнымі сродкамі.

Пры гэтым, як падкрэслівалі ў Мінтрансе, названая частка перавозчыкаў сфармавала паводле вынікаў дзевяці месяцаў 2019 года 85,5% усёй выручкі Беларусі ад міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў, а 622 перавозчыкі, якія не трапілі ў размеркаванне, сфармавалі выручку ў 3,7% ад агульнага аб’ёму.

БелаПАН