Папаўняецца спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі



Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны на пасяджэнні 12 лютага прыняла рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці чатыром нематэрыяльным праяўленням творчасці, паведамляе прэс-служба Міністэрства культуры.

Адпаведны статус прысвоены „мастацкім практыкам саломапляцення, традыцыям наіўнага мастацтва Віцебшчыны, традыцыям выпякання грачанага хлеба ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, а таксама тэхналогіям і традыцыям выпякання хатняга хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна Мінскай вобласці”.

Выпяканне хлеба ў вёсцы Жораўка Любанского раёна, фота mpravda.by

На падставе рашэння рады міністэрства ўключыць гэтыя элементы нацыянальнай культуры ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Месяцам раней статус гісторыка-культурнай каштоўнасці набылі чатыры нематэрыяльныя праяўленні творчасці: традыцыя вясновых карагодаў на Вялікдзень, Правадную нядзелю і падчас абраду „Провады зімы” (вёска Пінкавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці); традыцыя шчадравання „Конікі” (Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці); традыцыя прыгатавання выпечкі „Поразаўская банкуха” (пасёлак Поразава і вёска Карэвічы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці); выраб дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай на тканіне (Старыя Дарогі, пасёлак Палажэвічы і вёска Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобласці).

Усяго ў дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў налічваецца звыш 5,5 тыс. матэрыяльных рухомых і нерухомых і нематэрыяльных элементаў нацыянальнай спадчыны.

belapan.by