Суд прыгаварыў двух анархістаў да сямі гадоў пазбаўлення волі



Суд Савецкага раёна Мінска прыгаварыў анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара да сямі гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за акцыі ля Мінскага гарадскога суда і сталічнага СІЗА № 1. Рашэнне абвясціў суддзя Аляксандр Якунчыхін.

Емяльянава і Комара прызналі вінаватымі на падставе ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці), ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх грунтуецца на выкарыстанні гаручых рэчываў) і арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) Крымінальнага кодэкса. Абвінавачанне паводле арт. 344 аб пашкоджанні гісторыка-культурнай каштоўнасці было перакваліфікаванае на арт. 218. З абвінавачання выключанае набыццё і перавозка паражальных прадметаў з выкарыстаннем гаручых рэчываў (арт. 295-3).

Анархістаў абвінавацілі ў тым, што 25 верасня 2019 года яны кінулі ў будынак Мінгарсуда дзве лямпачкі з фарбай. Акрамя таго, ім паставілі ў віну тое, што ўначы 13 кастрычніка яны кінулі ёмістасць з запальнай сумессю ў дзверы СІЗА № 1 па вуліцы Валадарскага (узгарання не здарылася). Паўторны інцыдэнт каля СІЗА адбыўся ўначы 20 кастрычніка, вадкасць загарэлася, у выніку чаго нязначна было пашкоджанае пакрыццё дзвярэй. Прадстаўнік СІЗА ацаніла шкоду ў 1 рубель 48 капеек, урон будынку суда ацэньваецца ў 143 рублі 22 капейкі.

Акрамя таго, суд вынес прыватнае вызначэнне на адрас СІЗА, каб на фасадзе будынка была ўсталяваная ахоўная дошка аб яго культурна-гістарычнай каштоўнасці, бо цяпер яна ўсталяваная на ўнутранай ахоўнай тэрыторыі.

Абвінавачаны Емяльянаў назваў прысуд палітычна матываваным. Абарона заявіла, што будзе яго абскарджваць.

Раней паведамлялася, што Емяльянаў прызнаў віну часткова. Яго адвакат Дзмітрый Лепрэтар (працаваў на працэсе па выбуху ў Мінскім метрапалітэне ў 2011 годзе) заявіў, што па эпізодзе з будынкам суда шкода цалкам кампенсаваная; такім чынам, дзеянне з’яўляецца малазначным. Віну па артыкуле 344 Емяльянаў не прызнаў, бо гісторыка-культурная каштоўнасць не была пашкоджаная. Таксама Емяльянаў на працэсе падкрэсліў, што другі абвінавачаны, Комар, не ведаў аб падрыхтоўцы ім гэтых дзеянняў і ў іх не ўдзельнічаў, а толькі здымаў на відэакамеру.

Комар віну не прызнаў цалкам. Раней ён заявіў, што першапачатковыя паказанні даваў пад націскам супрацоўнікаў ГУБАЗіК. Яны нібыта пагражалі змясціць Комара ў камеру да зняволеных з нізкім сацыяльным статусам. У ІЧУ яго нібыта збіў сукамернік і, пагражаючы згвалтаваннем, прымусіў напісаць яўку з павіннай.

belapan.by

Фота tut.by