Крэмль: Пуцін не прапаноўваў Лукашэнку стварыць „звышдзяржаву”



Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў абверг інфармацыю, быццам расейскі кіраўнік прапаноўваў Аляксандру Лукашэнку стварыць «звышдзяржаву», аб’яднаўшы Беларусь і Расею. Звесткі аб такой прапанове апублікавала агенцтва Bloomberg.

«Не. Гэта не так. Казалі аб паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы», – прыводзіць агенцтва РІА «Новости» словы Пяскова.

Агенцтва Bloomberg яшчэ вясной мінулага года пісала са спасылкай на ўласныя крыніцы, быццам у Крамлі распрацоўваюць некалькі варыянтаў пакінуць Пуціна ва ўладзе пасля 2024 года. Паводле аднаго са сцэнароў, павінна было адбыцца абʼяднанне Беларусі і Расеі ў новую дзяржаву, якую ўзначаліць Пуцін. Гэты ж сцэнар неаднаразова агучвалі і беларускія аналітыкі.

Паглыбленне інтэграцыі Беларусі і Расеі павінна было абмяркоўвацца падчас сустрэч Лукашэнкі і Пуціна, якія адбыліся ў канцы 2019 і ў пачатку 2020 года. Апошняя такая сустрэча прайшла 7 лютага. Адной з цэнтральных тэм на ёй стала пытанне аб пастаўках расейскіх нафты і газу ў Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя