Беларусь плануе перайсці на бязвыплатнае донарства



Чакаецца, што сёлета Беларусь цалкам пяройдзе на бязвыплатнае донарства. У Міністэрстве аховы здароўя адзначаюць, што для такога кроку ёсць усе перадумовы і перш за ўсё – колькасці такіх данацый ужо дастаткова, каб задаволіць патрэбы медыкаў.

У сувязі з гэтым карэспандэнт нашага радыё пацікавіўся ў жыхароў Пінска, як яны ставяцца да бязвыплатнага донарства:

– Мне, напрыклад, не трэба грошай, самае галоўнае, каб людзям была дапамога.

– Трэба, каб людзі здавалі кроў, таму што крыві, як правіла, заўжды не хапае. У нас вельмі шмат розных хворых. Канешне, кроў трэба.

– У мяне дачка здае. Мне проста па паказаннях нельга здаваць, я п’ю шмат таблетак ды і па ўзросце мая кроў ужо, напэўна, нікому не патрэбная.

– Не ведаю, раней здавала, у мяне нават была донарская картка.

– У мяне сын здае заўжды і ўсім дапамагае.

Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у краіне кожны чацвёрты донар здае біялагічны матэрыял на бязвыплатнай аснове і колькасць такіх свядомых грамадзян павялічваецца. Шлях да бязвыплатнага донарства Беларусь пачала пяць гадоў таму пры падтрымцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Беларускае Радыё Рацыя