За налепку „Калгаснай дыктатуры – баста” 2 700 рублёў штрафаў
У віцебскім судзе Першамайскага раёна штрафамі памерам 50 базавых велічынь (1350 рублёў) пакаралі Наталлю Спірыдонаву і Алеся Круткіна. Суддзя Алена Протас абвінаваціла іх у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах за тое, што яны наклеілі налепку «Калгаснай дыктатуры – баста» на офісны будынак домабудаўнічага камбіната.
За такую самую налепку, але размешчаную на будынку абласной пракуратуры, Алеся Круткіна ўчора, 12 лютага, пакаралі 15-суткавым арыштам.
Гэта сведчыць пра няроўнае стаўленне з боку судоў, кажа праваабаронца Ірына Траццякова:
– Працэсы гэтыя як браты-блізняты, у матэрыялах справы – адно і тое самае, толькі розныя суд і суддзі розныя. Пасля таго, як адзін суд вынес пастанову пра арышт на максімальны тэрмін – 15 сутак, на другім працэсе была вынесена пастанова пра штраф. Мы назіраем, што адсутнічае незалежнасць і аб’ектыўнасць судовага разбіральніцтва.
Ні праваабаронцы і ні самі падсудныя не прызнаюць, што ў адным і ў другім выпадку мела месца несанкцыянаванае пікетаванне, як было напісана ў міліцэйскіх пратаколах.
Дый налепка не можа лічыцца плакатам, абураецца Наталля Спірыдонава:
– Звычайная налепка з лозунгам, які выкарыстоўвала кампанія «Еўрапейская Беларусь» падчас мінулых выбараў, – «Калгаснай дыктатуры – баста». Маленькая зусім налепка, я не ведаю, дзе яны ўбачылі плакат. І якое там магло быць масавае мерапрыемства – там нікога не было.
Для Наталлі Спірыдонавай апошні штраф – ужо 4-ты за няпоўныя два месяцы. Апрача ўчорашняга і сённяшняга судоў за налепкі, яе штрафавалі за заклікі і за ўдзел у віцебскай акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі. Яна збіраецца абскардзіць штрафы. Праваабаронцы дапамагаюць зрабіць гэта і Алесю Круткіну, які ў дадзены момант знаходзіцца пад арыштам у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск