Карупцыя – вынік той палітыкі, што праводзяць улады



Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі і былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў пракаментаваў «цукровую справу» і выказаўся пра будучыя выбары.

Нагадаем, што па справе было затрымана каля дзесяці чалавек, у тым ліку, кіраўнікі чатырох цукровых прадпрыемстваў, а таксама кіраўніцтва Беларускай цукровай кампаніі ў Маскве, якая займалася рэалізацыяй беларускай прадукцыі ў Расеі.

Мікалай Казлоў: Сёння карупцыя проста пранізвае краіну. Мы бачым, што людзей з пэўнай галіны кідаюць за краты цэлымі пачкамі. Была «справа медыкаў» і дзясяткі затрыманняў. Зараз – «цукровая справа», і новыя арышты.

Абсалютна відавочна, што ўсе гэтыя карупцыйныя факты магчымы толькі ў адным выпадку – калі створаны ўмовы, калі можна працаваць і існаваць толькі так. Усё гэта – вынік той палітыкі, што праводзяць беларускія ўлады. Менавіта ва ўладзе патрэбна шукаць першакрыніцы такой з’явы, як карупцыя. Гэта ўжо ўсім надакучыла, і, як мне падаецца, прыйшоў час нешта змяняць.

РР: Вы лічыце, што гэта магчыма пры той сістэме выбараў, якую стварыла ўлада?

Мікалай Казлоў: Таму я і вылучыў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары і буду ўдзельнічаць у праймерыз па абранні адзінага кандыдата. Але, што датычыцца выбараў, то магу сказаць адно: ніхто не зробіць выбары празрыстымі, калі гэта людзям непатрэбна. Калі народ задавальняе тое становішча рэчаў, што ёсць, то тут ужо нічога не зробіш.

Натуральна, што апазіцыя не зменіць выбарчую сістэму, хаця дамагацца гэтага трэба. Але найперш людзі самі павінны знайсці сувязь паміж свабоднымі выбарамі і сваім дабрабытам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя