Нарвегія выйграла змешаную эстафету на Чэмпіянаце свету па біятлоне
Беларуская каманда ў складзе Ірыны Крыўко, Алены Кручынкінай, Сяргея Бачарнікава і Антона Смольскага стала 12-й у змешанай эстафеце на чэмпіянаце свету па біятлоне, які праходзіць у італьянскім Антхольцы. Беларусы прайгралі лідарам – нарвежцам 2 хвіліны 24 секунды.
На другой пазіцыі размясціліся італьянцы. Замкнулі тройку лідараў чэшскія біятланісты. Працягнуцца спаборніцтвы сёння жаночым спрынтам на 7,5 км. Завершацца спаборніцтвы 23 лютага. Усяго на сусветным форуме разыграюць 12 камплектаў узнагарод.
Ксенія Станкевіч стала трэцяй на Чэмпіянаце Еўропы па жаночай барацьбе ў Рыме
Беларуская спартоўка Ксенія Станкевіч у вагавай катэгорыі 50 кг, якая выступае ў жаночай барацьбе, заваявала бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у італьянскім Рыме. Ксенія Станкевіч у паядынку за бронзавую ўзнагароду святкавала перамогу над спартоўкай з Малдовы Эміліяй Будзяну. На трэцюю прыступку п’едэстала гонару таксама паднялася расяянка Мілана Дадашава. Золата кантынентальнага форуму заваявала прадстаўніца Балгарыі Міглену Селішку, якая ў фінале адолела ўкраінку Аксану Лівач. Яшчэ адна беларуска Ванэса Каладзінская ў вазе 53 кг прабілася ў фінал чэмпіянату Еўропы. Як паведамлялася, раней беларускі барэц грэка-рымскага стылю Максім Нягода заваяваў залатую ўзнагароду кантынентальнага форуму.
Дзіна Сазанавец заваявала срэбра на турніры па цяжкай атлетыцы ў Ташкенце
Беларуска Дзіна Сазанавец у вагавай катэгорыі 87 кг заваявала срэбраную ўзнагароду ў двуборʼі на 6-м Міжнародным чэмпіянаце салідарнасці па цяжкай атлетыцы, які прайшоў у Ташкенце. Беларуска ў суме двуборʼя паказала вынік 225 кг (99 у рыўку + 126 у штуршку). На вышэйшую прыступку пʼедэстала гонару ўзнялася спартоўка з Рэспублікі Карэя Кан Юнхі, якая набрала ў суме 231 кг. Турнір зʼяўляўся кваліфікацыйным да Алімпійскіх гульняў у Токіо-2020.
Менскае «Дынама» ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ саступіла «Лакаматыву»
Хакеісты менскага «Дынама» саступілі ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ яраслаўскаму «Лакаматыву» з лікам 1:4. Адзіную шайбу ў складзе «зуброў» закінуў нападнік Раян Спунэр. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта згуляюць 15 лютага на хатняй арэне супраць екацярынбургскага «Аўтамабіліста».
«Ювентус» дзякуючы голу Раналду вырваў нічыю з «Міланам»
У першым матчы паўфінальнай стадыі Кубка Італіі па футболе «Мілан» на сваім полі згуляў унічыю з «Ювентусам» з лікам 1:1. На гол Рэбіча на 61-й хвіліне «Юве» адказаў Крышціану Раналду дакладным выкананнем пенальці на 1-й дадзенай хвіліне матчу Паядынак у адказ пройдзе на полі «Ювентуса».
Палова квіткоў на менскі фінал Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе раскуплена
З квіткоў на фінал Лігі чэмпіёнаў УЕФА па міні-футболе сезону 2019/20, што паступілі ў продаж, рэалізавана 50%, паведамілі БЕЛТА ў медыя-службе Лігі чэмпіёнаў УЕФА па футзале. У Менск на матчы турніру, які мае быць у красавіку, прыедуць заўзятары з краін Еўропы, Азіі і ЗША. Прадстаўнікі Беларусі і Расеі вылучаюцца найбольшай актыўнасцю як у набыцці абанементаў, так і пры куплі квіткоў на асобныя дні. Згодна з міжнароднымі нормамі правядзення спаборніцтваў, частка квіткоў зарэзерваваная для прадстаўнікоў каманд-удзельніц і патрэбаў УЕФА. З-за павышанага попыту квіткі, якія даюць права наведвання ўсіх матчаў, будуць рэалізоўвацца сёння да 18 гадзін па беларускім часе. Менск стаў першым горадам у гісторыі, які прымае тры запар этапы Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. У мінулым годзе на пляцоўцы палаца спорту «Уручча» паспяхова прайшлі групавыя этапы асноўнага і элітнага раўндаў з удзелам менскай «Сталіцы».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА