Лукашэнка наведвае Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат
Аляксандр Лукашэнка 14 лютага падчас рабочага візіту ў Гомельскую вобласць наведвае Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат і пабудаваны на яго базе завод сульфатнай беленай цэлюлозы.
Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка знаёміцца з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна, вынікамі рэалізацыі інвестыцыйнага праекта і працай новага прадпрыемства.
«Адразу па прылёце кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся схемай, па якой на прадпрыемства пастаўляецца драўняная сыравіна, наколькі яе дастаткова, – паведамляе прэс-служба. – Прэзідэнту далажылі, што патрэбы растуць і ёсць неабходнасць у дадатковым чыгуначным транспарце». Лукашэнка даў на гэты конт даручэнні: «Трэба зрабіць так, каб праблема дастаўкі балансавай драўніны была вырашаная ў бягучым годзе», – сказаў ён.
Ён звярнуў увагу, што дадатковыя пастаўкі драўніны на перапрацоўку на Светлагорскі ЦКК дадуць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы краіны, уключаючы нізкагатунковую драўніну.
Як праінфармавалі Лукашэнку, тэхналогія на прадпрыемстве дазваляе з нізкагатунковай драўніны атрымліваць запатрабаваны прадукт з высокім дададзеным коштам. Акрамя таго, гэта энерганезалежная вытворчасць.
«Гэта наша багацце. Трэба перапрацаваць у паперу, цэлюлозу, каб не вазіць за мяжу за бясцэнак. І ў гэтым была задума будаўніцтва гэтага прадпрыемства», – падкрэсліў афіцыйны беларускі лідар.
Завод беленай цэлюлозы пабудаваны на базе Светлагорскага ЦКК першапачаткова з удзелам кітайскага боку. У 2012 годзе актывісты – праціўнікі будаўніцтва сабралі больш за 10 тысяч подпісаў супраць адкрыцця новай вытворчасці. У снежні 2017 года на заводзе пачаліся пусканаладачныя работы, якія суправаджаліся выкідамі ў атмасферу «смуродных газаў». У гэтай сувязі пачалі паступаць скаргі ад жыхароў Светлагорска і Якімавай Слабады на смурод, млоснасць, дрэннае самаадчуванне.
Праціўнікі шкоднай вытворчасці накіравалі дзясяткі зваротаў у розныя інстанцыі. Кіраўніцтва Светлагорскага ЦКК адмаўляла шкоднае ўздзеянне «смуродных газаў» на здароўе людзей, але пасля націску грамадскасці прызнала наяўнасць у выкідах меркаптанаў.
Будаўніцтва завода суправаджалася неаднаразовымі скандаламі. Беларускі бок прызнаў, што кітайцы выкарыстоўвалі не адпаведны стандартам кабель, пуск завода некалькі разоў пераносілі.
У 2019 годзе кантракт з кітайскай карпарацыяй САМСЕ, якая будавала завод, быў скасаваны, і беларускі бок вырашыў давесці інвестыцыйны праект да канца самастойна.
У кастрычніку Гомельскае абласное ўпраўленне Дзяржпрамнагляду выдала заключэнне аб адпаведнасці завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску зацверджанай праектнай дакументацыі, патрабаванням бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці. Як паведамляе Гомельскае абласное ўпраўленне МНС, інспектары абследавалі абсталяванне, катлы, трубаправоды, ліфты, сістэмы газазабеспячэння і газаспажывання.
БелаПАН
Фота: БелТА