Лукашэнка: Гэта не інтэграцыя — гэта інкарпарацыя!



У кіраўніцтве Расеі намякаюць на далучэнне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энерганосьбіты, заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы 14 лютага з калектывам Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Але ні беларускі, ні расійскі народы ніколі не захочуць пайсці па гэтым шляху, дадаў ён.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка расказаў падрабязнасці перамоў з Уладзімірам Пуціным у Сочы 7 лютага. Паводле яго слоў, форма перамоў была своеасаблівай. Спачатку была сустрэча за снеданнем, і ў такім фармаце перамовы доўжылася прыблізна паўтары гадзіны. На іх абмяркоўваліся праблемы яшчэ сярэдзіны мінулага стагоддзя, а затым бакі закранулі сучасныя пагрозы ў сваім рэгіёне і іншых частках свету, у тым ліку сітуацыю ва Украіне. „Пацярпелі нашы людзі. Вайна абсалютна дурная, бесталковая, братазабойчая. Гэтага быць не павінна”, — заявіў Лукашэнка.

„Мы ўсё абмяркоўвалі, супастаўлялі пункты гледжання. Я, вядома, акуратна выводзіў размову на тое, што разам мы шмат зрабілі — мы адстаялі нашу краіну. Я яму нагадаў, колькі загінула людзей, колькі вёсак было спалена разам з жыхарамі. Ён сказаў, што практычна 70% страт — расіяне”, — расказаў Лукашэнка.

Затым, паводле яго слоў, яны з Пуціным закранулі супрацоўніцтва ў савецкія гады і выйшлі на сучасныя праблемы ў нафтавай сферы. „Я нагадаў, што на тыя нафтаздабыўныя, газаздабыўныя свідравіны (у Расіі. — БелаПАН.) ляталі самалёты з Гомеля, Віцебска, Магілёва, ды і з Мінска. Тое, што мы бурылі і стваралі ў савецкія часы, у адну ноч аказалася чужым. І мы сёння вымушаныя купляць па сусветнай цане гэтую прадукцыю, а Расія ў сябе прадае гэта за паўцаны ці адну траціну”, — заўважыў Лукашэнка.

Расія стала правапераемніцай СССР, дадаў ён. Зараз у краіне сабраная ядзерная зброя, уся замежная савецкая ўласнасць перайшла да Расіі, у той час як іншыя постсавецкія рэспублікі ад гэтага нічога не атрымалі. „Усе грошы апынуліся там, і потым нас кінулі з савецкім рублём. Я ўсё гэта нагадаў. Мы нямала зрабілі і нямала пацярпелі”, — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, Расія як правапераемніца СССР не павінна сыходзіць ад абяцанняў савецкага ўрада. У прыватнасці Лукашэнка не разумее, чаму Беларусі, якая найбольш пацярпела ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС, не аказваецца падтрымка. Ён прапанаваў расійскаму боку пастаўляць на пацярпелыя беларускія тэрыторыі газ па больш нізкай цане, чым у іншыя рэгіёны рэспублікі. „Людзі яшчэ не могуць карыстацца і драўнінай, і іншымі відамі паліва з-за гэтай бяды”, — адзначыў ён.

Пры абмеркаванні праблем у нафтавай сферы Пуцін, паводле слоў Лукашэнкі, засумняваўся ў тым, што Беларусі мэтазгодна купляць нафту ў іншых краінах: „Навошта вы будзеце гэта рабіць, калі яна ўсё роўна даражэйшая за расійскую?”

Аднак Беларусь працягне дыверсіфікаваць закупкі нафты, „каб кожны год 31 снежня не стаяць на каленях”, падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама сцвярджае, што Беларусь і Расія не абмяркоўваюць стварэнне наднацыянальных органаў, але праца па дарожных картах (дарожныя карты па так званай паглыбленай інтэграцыі. — БелаПАН.) працягнецца.

„Мы будзем і далей працаваць па інтэграцыі. У гэтым няма нічога дрэннага”, — лічыць Лукашэнка. Паводле яго слоў, стварэнне наднацыянальных органаў і іншых аб’яднанняў, што было прадугледжанае апошняй (31-й) дарожнай картай, бакі дамовіліся не абмяркоўваць. „Чыста эканамічныя пытанні па інтэграцыі”, — запэўніў Лукашэнка.

Выказванні Лукашэнкі прыводзіць і тэлеграм-канал „Пул Першага”. „Памятайце: ваш першы прэзідэнт, якога вы калісьці абралі, ніколі не стане апошнім. Ужо пасля мяне — думайце, як жыць. Але і калі я буду жыць, але не буду прэзідэнтам, я буду заўсёды змагацца, каб наша зямля заставалася суверэннай і незалежнай”, — цытуе „Пул Першага” кіраўніка дзяржавы.

„Яны разумеюць інтэграцыю як паглынанне Беларусі. Гэта не інтэграцыя — гэта інкарпарацыя! На гэта я ніколі не пайду”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Пасля гэтай фразы загучалі апладысменты, адзначае тэлеграм-канал.

belapan.by

Фота АНТ