Значэнне ХХ з’езда КПСС і яго галоўнага героя 



64 гады таму генеральны сакратар КПСС Мікіта Хрушчоў падчас закрытага з’езду зачытаў даклад аб развянчанні культу асобы свайго папярэдніка Ёсіфа Сталіна. У прамове камуністычнага лідара гаварылася пра недапушчальнасць правадырства, пра злачынствы Ёсіфа Джугашвілі, пра беспадстаўныя рэпрэсіі 1930-х – 1940-х гг. Словам, камня ад камня не пакінуў Хрушчоў ад веры партыйных апаратчыкаў у надзвычайную ролю Сталіна. Паводле ўспамінаў удзельнікаў ХХ з’езду, заля, агаломшаная пачутым, пагрузілася ў цішыню. Пазней адрэдагаваная версія дакладу паступіла ў партыйныя арганізацыі розных узроўняў, а потым некаторыя тэзісы сталі тыражавацца ў падкантрольных СМІ. Праз некалькі гадоў пасля знакамітага выступу Мікіты Хрушчова па ўсёй краіне ціха дэмантавалі помнікі Сталіну, а цела дэспата незаўважна вынеслі з маўзалея. Так скончылася эпоха крывавага тырана, які стварыў адну з самых жахлівых сістэм у гісторыі чалавецтва. На жаль, далей вярбальнага асуджэння справа не дайшла. І праз некалькі дзесяцігоддзяў у Расеі зноў пачалі ўсталёўваць помнікі Сталіну, а ў папулярных тэлеперадачах яго сталі называць эфектыўным менеджарам.

Чаму Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў пайшоў на развянчанне культу асобы Сталіна? Гісторыкі і даследчыкі сталінізму дагэтуль не прыйшлі да агульнай высновы. Лічыцца, што новы генеральны сакратар рашуча адмежаваўся ад крывавай спадчыны Кобы, каб умацаваць лаяльную вертыкаль. Маўляў, яму трэба было пачысціць уладныя колы ад найбольш уплывовых асобаў. І абвінавачанне ва ўдзеле ў рэпрэсіях стала добрай падставай для кадравага ператрусу. Гавораць таксама пра заігрыванне з народнымі масамі, якія маглі экстрапаляваць сваю незадаволенасць таталітарным рэжымам на новую кіруючую вярхушку. Таму нібыта трэба было абрэзаць канцы, якія звязвалі хрушчоўцаў са сталіністамі. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць тое, што Мікіта Хрушчоў меў асабісты матыў, каб расправіцца з памяццю пра тырана, паколькі ў жорнах рэпрэсій пацярпела і яго сям’я. У часы кіравання Хрушчова, вядома, мелі месца эксцэсы кшталту падаўлення Венгерскага вызвольнага паўстання 1956 года альбо расстрэлу дэманстрацыі працоўных у Навачэркаску, але да маштабу зладзействаў Сталіна яму вельмі далёка.

Як бы там ні было, жыхары СССР мусяць быць шчыра ўдзячныя Хрушчову за тое, што пазбавіў іх ад начных кашмараў у выглядзе чорных варанкоў і пастаяннага страху за сваё жыццё. Перамены ў настроі людзей, стомленых ад рэпрэсій і войнаў, развязаных Сталіным, адразу ўвасобіліся ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. З лёгкай рукі літаратара Іллі Эрэнбурга паслабленне цэнзуры атрымала назву “адліга”. Менавіта ў гэты час у пісьменнікаў назіраўся бум напісання твораў, якія цяпер складаюць залаты фонд нацыянальных літаратураў былых савецкіх рэспублік. Мастакі пачалі таксама выходзіць за каноны пошлага сацреалізму, а рэжысёры здымалі шыкоўныя кінастужкі. Нават сёння не верыцца, што ў канцы 1950-х – пачатку 1960-х гадоў нешматлікія ацалелыя апаненты камуністычнага рэжыму, якія адматалі дзясяткі гадоў у ссылках і турмах, пачалі вяртацца на радзіму. Памятаю, як са здзіўленнем чытаў перапіску беларускіх дысідэнтаў пачатку 1960-х гадоў, якія смела, не асабліва аглядаючыся на “таварыша маёра” за спінай, пісалі ў лістах крытычныя заўвагі пра камуністычны лад. Пазней, з адхіленнем “ашалелага Мікіты” ад улады танальнасць лістоў антысаветчыкаў зноў памянялася. Але грамадства атрымала прышчэпку ад сталінізму, што прывяло да Перабудовы ў 1980-х і распаду СССР.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ