Зборная Беларусі па пляжным футболе двойчы саступіла чэмпіёну Расеі



Зборная Беларусі па пляжным футболе няўдала правяла два кантрольныя матчы супраць чэмпіёна Расеі „Крышталя” на зборы ў Санкт-Пецярбургу.

У першым спарынгу беларусы саступілі з лікам 5:9. У складзе прайграўшых чатыры галы забіў Юрый Пятроўскі, а ў „Крышталя” пяць мячоў забіў беларус Ігар Брыштэль. У другой сустрэчы беларускія „пляжнікі” прайгралі пяціразовым чэмпіёнам Расеі з вынікам 3:7.

Беларускія бадмінтаністкі не выйшлі ў плэй-оф каманднага чэмпіянату Еўропы

Беларускія бадмінтаністкі не здолелі выйсці ў плэй-оф каманднага чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у Францыі. На першым этапе кантынентальнага першынства беларускі гулялі ў папярэдняй групе 3, перамаглі каманду Ізраіля з лікам 3:2, а затым саступілі спартоўкам з Англіі і Францыі з аднолькавым вынікам 0:5. У складзе зборнай Беларусі выступалі Алеся Зайцава, Анастасія Чарняўская, Юлія Біцукова і Мар’яна Вярбіцкая.

Ілля Івашка завяршыў выступленне на „Чэленджэр” у Бангалоры на стадыі 1/4 фіналу

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка (148-ы нумар сусветнага рэйтынгу) не здолеў прабіцца ў паўфінал адзіночнага разраду на турніры серыі „Чэленджэр” у індыйскім Бангалоры. У чвэрцьфінале беларус саступіў у трохсэтавым паядынку італьянцу Юльяну Аклепа (391) – 6:7 (4:7), 7:6 (7:3), 4:6.

Сабаленка другі раз аднаўляе супрацоўніцтва з Турсунавым

Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка была заўважаная на трэніроўках у Дубаі са сваім ранейшым настаўнікам Дзмітрыем Турсунавым, з якім спыніла супрацоўніцтва ў снежні 2019 года. Да рашэння аб расставанні Арына і Дзмітрый прыйшлі зімой, калі тэнісістка праводзіла перадсезонны збор у Менску. Раней спартоўка ўжо пакідала Турсунава падчас US Open-2019, але пасля да яго вярталася. Па звестках pressball.by, беларуска і расеец і гэтым разам аднавілі супрацоўніцтва.

АБФФ абураная намерам клубаў не адпусціць футбалістаў у нацыянальную зборную

Асацыяцыя „Беларуская федэрацыя футбола” абураная намерам некаторых клубаў не адпусціць сваіх гульцоў на вучэбна-трэніровачны збор нацыянальнай каманды. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве АБФФ, размешчанай на яе афіцыйным сайце. Сённяшнюю заяву АБФФ зрабіла ў сувязі з публікацыямі беларускіх спартовых парталаў пра тое, што некаторыя клубы не адпусцяць сваіх гульцоў на таварыскія матчы зборнай Беларусі з камандамі Узбекістана (23 лютага ў Дубаі) і Балгарыі (26 лютага ў Сафіі). У прыватнасці, называліся берасцейскае „Дынама”, барысаўскі БАТЭ і салігорскі „Шахцёр”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота „Крышталя”