Першая сустрэча зімы з вясной



Такім днём у старажытнасці лічылі Грамніцы – па народным календары, а па царкоўным – Стрэчанне Гасподняе. Галоўным было, бадай і застаецца, асвяціць васковыя свечкі. Па вяртанні з царквы абавязкова адбываўся рытуал агністага крыжавання. Яго праходзілі ўсе прадстаўнікі сям’і, хатнія жывёлы і крыжы выпальваліся на сценах, вушаках, дзвярах.

Грамнічную свечку захоўвалі на працягу года і ні ў якім разе не перадавалі ў іншую сям’ю. Верылі ў яе цудадзейную сілу. Карысталіся, як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічылі, што спальванне адпужвае нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу.

На Пінскім Палессі існавалі свае павер’і звязаныя з грамнічнай свечкай. Яе абавязкова выкарыстоўвалі пры першай працы ў полі. Да ўрадлівага лета рыхтаваліся са студзёнай зімы. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ўраджай на хлеб для простага чалавека быў галоўнай умовай яго дабрабыту. Адпраўляючыся вясною араць зямлю або, як пінчукі казалі, ламаць зямлю, бралі з сабою грамнічную свечку, благавешчанскую прасфору і булку хлеба, выпечанага на крыжапаклонным тыдні з крыжам наверсе. Першы дзень працавалі ў полі не ўвесь, а рабілі адзін загон і вярталіся дамоў. Толькі пінчук праводзіў адну баразну, як спяшаўся да першага вала або каня і ўдарыўшы жывёлу ў лоб, казаў: «Нэхай дасть Бог здоровэ і сілу тобэ». Прасфора, булачка, хлеб і свечка ляжалі ў гэты час на ніве і вярнуўшыся дадому, паляшук з’ядаў са сваёй сям’ёй прасфору і булачку.

Амерыканец пасярод палескага поля, Пэрсі Кэмеран – кіроўца экспедыцыі Луізы Бойд. 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

З дапамогай грамнічнай свечкі палешукі змагаліся з агнём. Здавалася б, што Палессе, а тым больш тое Палессе да меліярацыі – край непраходнай багны і незлічоных рэк, але і пасярод вялікай вады агонь наносіў шкоду. Таму мясцовыя надзвычай асцярожна абыходзіліся з ім, а маланкі дык наўпрост баяліся. Просты сялянін-паляшук стагоддзе назад толькі і спадзяваўся на ласку Бога. Напрыклад, калі маланка, то ў некаторых вёсках Пінскага павета жыхары выносілі на двор абрус, якім засцілалі стол на Вялікдзень. Таксама выносілі і лапату, якой клалі хлеб у печ. У самой хаце запальвалі грамнічную свечку ды ставілі на покуці. На працягу ўсёй непагадзі маліліся.

На версе стога – крыж як абярэг ад маланкі. Пінкавічы, 1934 год, Луіза Арнер Бойд.

Адганялі нечысць. Палешукі верылі, што людзі злыя – знахары, чарадзеі, патанулыя, вісельнікі, а таксама багацеі пасля смерці застаюцца на зямлі пакуль іх вантробы не згніюць. Потым д’ябал уваходзіць у іх трупы, і яны пачынаюць хадзіць па хатах. Верылі, што нябожчыкі дыхаюць уначы над дзецьмі, ад чаго дзеці раптоўна паміраюць.

Лічылі, што мерцвякі палохаюць ноччу жывых, часам да паўсмерці, забіваюць жывёл і нават людзей, якія робяцца пасля смерці чорнымі. Супраць гэтага рабілі некалькі захадаў і сярод якіх – увечары запальвалі грамнічную свечку перад тым акном, у якім бачылі мерцвяка.

Беларускае Радыё Рацыя