Праваслаўныя вернікі адзначылі Грамніцы



15 лютага вернікі адзначаюць Грамніцы. Гэта адно з 12 самых вялікіх святаў у годзе. Яно прысвечана ўспаміну пра сустрэчу немаўля Хрыста з набожным старцам Сімяонам. Згодна з паданнем, святой Сімяон не мог скончыць зямныя дні да таго, як ён убачыць нованароджанага Месію. На парозе храма Панну Марыю з Езусам сустрэлі святы Сімяон і праведная старыца Ганна. Хрыста прынеслі ў галоўную іўдзейскую святыню на 40-ы дзень пасля нараджэння. У гэты ж дзень Багародзіца здзейсніла асаблівы ачышчальны абрад.

Свята ўпершыню было ўсталяванае царквой у Візантыі пасля Эфескага сабора 431 года. На абразах «Грамніцы» адлюстроўвалі Марыю з Езусам-немаўляці на руках і Іосіфа з галубамі, якія на 40-ы дзень пасля нараджэння Збавіцеля прынеслі ў Храм ахвяру ачышчэння.

Галоўным было, бадай і застаецца, асвяціць у царкве васковыя свечкі.

Са святам звязана шмат павер’яў і прыкмет. Некаторыя з іх напярэдадні ўзгадалі ў Пінску. Краязнаўчую сустрэчу для моладзі зладзіла мясцовая бібліятэка.

Галоўныя прыкметы датычаць ураджаю, – адзначыла выступоўца Святлана Мажоркіна:

– Пасля стрэчанскіх маразоў – не выязджаць у дальнюю дарогу, зіма хутка скончыцца. Адліга на Стрэчанне – прадвесніца гнілой і худой вясны. Калі на Стрэчанне зранку – снег, то будзе ўраджай ранняга хлеба, у дзень снег – ураджай сярэдняга хлеба, увечары снег – ураджай позняга хлеба.

Дарэчы, Грамнічную свечку захоўвалі на працягу года і ні ў якім разе не перадавалі ў іншую сям’ю. Верылі ў яе цудадзейную сілу. Карысталіся як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах ды для варажбы.

Як і любое іншае царкоўнае свята, Грамніцы нясуць за сабой шэраг забаронаў і абавязкаў.

забаронена: працаваць і займацца звычайнымі хатнімі справамі;

пачынаць важныя праекты;

сварыцца, крыўдзіць блізкіх;

ехаць у падарожжа;

класці грошы на абедзенны стол;

не рэкамендуецца займацца «воднымі» справамі, нават мыцца.

неабходна:

схадзіць у царкву на святочную службу;

памаліцца аб здароўі блізкіх, а таксама аб супакаенні памерлых сваякоў;

прынесці дадому асвячоныя свечкі і ваду;

ды акрапіць святой вадой сваё жыллё.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: hrodna.life