Фотафакт: Абраз Маці Божай Вастрабрамскай без залатых шатаў
Арыгінал абраза Маці Божай Вастрабрамскай памерам 163 на 200 сантыметраў быў напісаны, верагодна, у XVI стагоддзі. Пасля абраз каля 1671 года быў апраўлены ў срэбную і залатую сукенкі. 2 ліпеня 1927 года абраз Маці Божай Вастрабрамскай каранавалі пазалочанымі каронамі і назвалі Блаславёнай Дзевай Марыяй Маці Міласэрнасці.
Упершыню культ Вастрабрамскага абраза ўзгадваўся ў кнізе ксяндза езуіта Корсака, выдадзенай у 1748 годзе.
У 1799-1805 гадах абарончыя сцены Вільні, пабудаваныя ў XVI стагоддзі, былі разабраныя, аднак культ Вастрабрамскага абраза дазволіў захаваць Вострую Браму, якая набыла сучасны выгляд у 1828-1830 гадах.
Абраз змешчаны ў капліцы над гарадскімі варотамі ў пачатку XVII стагоддзя.
Вобраз Божай Маці Вастрабрамскай знайшоў адлюстраванне і ў паэзіі. Да яго звярталіся вядомыя паэты Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Максім Багдановіч.
Фігура Маці Божай цалкам закрытая пазалочаным срэбным акладам, адкрытымі засталіся толькі схіленае на бок аблічча і скрыжаваныя рукі.
Не часта ў Вільні можна пабачыць гэты абраз поўнасцю адкрытым без залатых шатаў. На прафілактыку і рэстаўрацыю іх здымаюць рэдка. Зараз якраз гэты час і наступіў.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя