Макей: Перамовы аб кампенсацыі шкоды з-за «бруднай нафты» ідуць цяжка
Інцыдэнт з пастаўкай у Беларусь расейскай бруднай нафты не вычарпаны, а перамовы аб кампенсацыі ідуць цяжка.
Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў „Известиям” падчас удзелу ў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая праходзіць 14—16 лютага.
„Ніякай кампенсацыі няма, перамовы вядуцца, прычым так цяжка”, — падкрэсліў кіраўнік беларускага МЗС.
„Мы са свайго боку спадзяёмся, што рана ці позна — пажадана, каб гэта адбылося як мага хутчэй — уся гэтая гісторыя шчасліва завершыцца”, — дапоўніў ён.
У красавіку „Белнафтахім” выявіў у расійскай нафце павышанае ўтрыманне дыхлорэтана і, каб пазбегнуць аварыі на НПЗ, знізіў перапрацоўку і экспарт нафтапрадуктаў. Пасля таго як прымаць няякасную сыравіну адмовіліся замежныя спажыўцы, транзіт па нафтаправодзе „Дружба” быў часова прыпынены, а ў Расіі распачалі крымінальную справу па факце забруджвання нафты.У маі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з-за паставак няякаснай нафты Беларусь страціла „вялікія грошы” — сотні мільёнаў долараў. Ацэнкай шкоды ад аварыі на „Дружбе” займалася рабочая група, створаная Беларуссю і Расіяй. У канцэрне „Белнафтахім” разлічвалі да канца 2019 года атрымаць кампенсацыю асноўнай масы страт з-за паставак бруднай нафты, аднак пытанне да гэтага часу не вырашана.
5 лютага ў Мінску пасол РФ Дзмітрый Мезенцаў заявіў журналістам, што Расія чакае ад Беларусі дакументы, якія пацвярджалі б панесеную беларускім бокам шкоду ад пастаўкі няякаснай нафты. „Гэта павінны быць пераканаўчыя, якія пацвярджалі б шкоду дакументы, прадстаўленыя беларускім бокам. Гэта павінны быць пераканаўчыя разлікі, якія падтрымліваюцца экспертнай супольнасцю і, вядома, якія будуць прынятыя расійскім бокам. Па выніках сумеснага аналізу гэтых дакументаў будуць выплачаныя тыя сродкі, якія кампенсуюць панесеную шкоду”, — заявіў ён.
На рэмарку пра тое, што, паводле заяў беларускага боку, дакументы па забруджанай нафце ўжо былі прадстаўлены, Мезенцаў сказаў: „Яны былі прадстаўлены, вось цяпер яны павінны прайсці ўзгадненне. Я не бачу ніякіх перашкод да таго, каб канфлікт быў вычарпаны і гэтая старонка была перагорнута”.
Фота Известия