ЗША выдзеляць Усходняй Еўропе 1 млрд даляраў



Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа падчас выступу на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы заявіў, што яго краіна выдзеліць $ 1 млрд краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія ўваходзяць у «Ініцыятыву трох мораў», паведамляе AFP.

«Ініцыятыва трох мораў» — пагадненне аб супрацоўніцтве, якое ў 2016 годзе падпісалі дзяржавы, размешчаныя паміж Адрыятычным, Балтыйскім і Чорным морам. Удзельнікамі аб’яднання з’яўляюцца Аўстрыя, Чэхія, Славакія, Харватыя, Венгрыя, Славенія, Румынія, Балгарыя, Польшча, Літва, Латвія і Эстонія. За выключэннем Аўстрыі, усе яны з’яўляюцца членамі НАТА, а да канца 1980-х з’яўляліся часткай сацыялістычнага лагера.

Паводле яго слоў, грошы будуць выдзелены праз Фінансавую карпарацыю па міжнародным развіцці (дзяржаўная ўстанова ЗША). У Вашынгтоне разлічваюць, што з іх дапамогай атрымаецца стымуляваць прыватных інвестараў развіваць энергетыку краін, каб знізіць іх залежнасць ад Расеі.

Таксама кіраўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства зноў заявіў, што ЗША выступаюць супраць завяршэння будаўніцтва трубавода «Паўночны паток – 2», які ў Вашынгтоне разглядаюць як яшчэ адзін рычаг ціску Масквы на саюзнікаў, перадало Reuters.

Нагадаем, раней падчас візіту ў Менск Пампеа заявіў, што ЗША гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай «на 100%».

Таксама Злучаныя Штаты гатовыя пастаўляць Беларусі газ праз Клайпедскі тэрмінал звадкаванага прыроднага газу (ТСПГ). Пра гэта заявіў амбасадар ЗША ў Літве Роберт Гілкрыст.

У снежні мінулага года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў абаронны бюджэт, які прадугледжваў санкцыі супраць кампаній, якія працуюць на будаўніцтве „Паўночнага патоку – 2». Швейцарская кампанія Allseas, якая ўдзельнічае ў пракладцы труб газавода, заявіла аб прыпыненні работ. З прычыны гэтага завяршэнне тэрмінаў будаўніцтва было перанесена. Паводле слоў Уладзіміра Пуціна, чакаецца, што трубавод запрацуе да канца гэтага года або пачатку наступнага.

tut.by