Старшынём БСДП (Грамада) пераабраны Ігар Барысаў
Старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) на XX з’ездзе партыі 16 лютага ў Менску пераабраны Ігар Барысаў.
Барысаў узначальвае БСДП (Грамада) з 2018 года. Акрамя дзейнага кіраўніка партыі на гэтую пасаду прэтэндаваў кіраўнік маладэчанскай раённай арганізацыі БСДП (Грамада) Алег Яхімовіч. Па выніках галасавання за Барысава аддаў свой голас 51 дэлегат з 63.
На з’ездзе таксама адбыліся выбары намеснікаў старшыні партыі, членаў цэнтральнага камітэта і цэнтральнай рэвізійнай камісіі. Першым намеснікам старшыні абраны Аляксей Сігаеў, намеснікамі старшыні — Ірына Вештард, Алег Волчак, Ганна Канюс і Мікалай Мяцельскі. Старшынёй цэнтральнай рэвізійнай камісіі абраны Анатоль Сідарэвіч.
Барысаў нарадзіўся ў 1982 годзе ў Магілёве. Скончыў Беларуска-расейскі ўніверсітэт (Магілёў) і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс). Мае дыпломы інжынера-электрыка і палітолага. Магістр палітычных навук. Працуе менеджарам у прыватнай фірме.
У БСДП (Грамада) уступіў у 2001 годзе. З кастрычніка 2010 года — намеснік старшыні партыі. Член незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Фота facebook.com