Аляксей Янукевіч падаў заяўку на ўдзел у праймерыз апазіцыі



Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падаў заяўку на ўдзел у выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі. Пра гэта палітык паведаміў БелаПАН.

„Мэта ўдзелу — абарона нацыянальных інтарэсаў і каштоўнасцяў. Трэба прымусіць і беларускія ўлады, і Крэмль лічыцца з той часткай беларускага грамадства, для якой важныя каштоўнасці свабоды, незалежнасці і нацыянальнага адраджэння. Гэта ад траціны да паловы насельніцтва на дадзены момант, і я разлічваю на іх падтрымку, буду абараняць у першую чаргу іх інтарэсы”, — сказаў ён.

Палітык нагадаў, што Партыя БНФ прапаноўвала адмовіцца ад працэдуры праймерыз, каб адразу заняцца кампаніяй адзінага кандыдата.

„Што тычыцца працэдуры, мы былі гатовыя дамовіцца пра адзінага кандыдата адразу, і ўжо зараз весці кампанію гэтага кандыдата. Такі варыянт быў больш пажаданы, я быў гатовы адмовіцца ад сваіх амбіцый, як і партыя. Але паколькі гэта не толькі наша рашэнне, але і іншых арганізацый, таму працэдура выбараў такая, якая ёсць. Яна ўсё яшчэ ўтрымлівае няяснасці, але мы гэтага не баімся”, — сказаў ён.

У Партыі БНФ Янукевіч з 1996 года. З 2009 па 2017 гады ўзначальваў яе, а ў 2017-м стаў намеснікам старшыні Рыгора Кастусёва. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Янукевіч быў даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча, у 2010 годзе ўзначальваў перадвыбарны штаб кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва.

Янукевіч стаў апошнім прэтэндэнтам, які падаў заяўку для ўдзелу ў праймерыз. Раней намер вылучыцца выказваў прадпрымальнік Уладзімір Усеня, але, як паведаміў кіраўнік штаба праймерыз Ігар Барысаў, ён не паспеў сабраць неабходную колькасць подпісаў.

Акрамя Янукевіча заяўкі на ўдзел у праймерыз падалі пяць прэтэндэнтаў. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец і кіраўнік руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч вылучаліся ад узначаленых імі арганізацый. Сустаршыня аргкамітэта БХД Вольга Кавалькова і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая вылучыліся шляхам збору подпісаў.

Пагадненне аб працэдуры праймерыз падпісалі БСДП (Грамада), Партыя БНФ, АГП, аргкамітэт БХД і рух „За Свабоду”. Выбары адзінага кандыдата прадугледжваюць выкарыстанне рэйтынгавай сістэмы. Размеркаванне балаў паміж прэтэндэнтамі пройдзе на аснове інтэрнэт-галасавання, галасавання ў рэгіёнах і галасавання дэлегатаў Кангрэса дэмакратычных сілаў, які плануецца правесці ў другой палове мая. Там жа будзе абвешчаны адзіны кандыдат. Для ўдзелу ў галасаванні па выбары адзінага кандыдата прэтэндэнт павінен альбо вылучыцца ад зарэгістраванай партыі ці грамадскай арганізацыі, альбо сабраць 200 подпісаў. Акрамя таго, прэтэндэнт павінен зрабіць унёсак у эквіваленце 500 еўра.

Пасля заканчэння прыёму заявак арганізатары праймерыз зоймуцца праверкай пададзеных дакументаў і сабраных подпісаў. Канчатковы спіс прэтэндэнтаў плануецца абвясціць 4 сакавіка.

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.

Фота svaboda.org