БСДП (Грамада): Ліквідаваць Саюзную дзяржаву і аднавіць мяжу з Расеяй



Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) лічыць неабходным ліквідаваць Саюзную дзяржаву і аднавіць мяжу з Расеяй. Адпаведная заява была прынятая 16 лютага ў Менску на ХХ з’ездзе партыі.

Аўтарам заявы выступіў экс-дэпутат Вярхоўнага савета, ганаровы старшыня грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) Алег Трусаў.

„Мы лічым, што цяпер неабходна ліквідаваць так званую Саюзную дзяржаву, правесці дэмаркацыю і дэлімітацыю межаў з Расіяй, вывесці з нашай тэрыторыі расійскія вайсковыя аб’екты і перайсці на гандаль з Расіяй па ўзаемавыгадных цэнах па ўсіх катэгорыях тавараў, у тым ліку па энерганосьбітах”, — гаворыцца ў заяве.

Партыйцы падкрэсліваюць, што гарантам незалежнасці мусіць быць менавіта беларускі народ, які, згодна з Канстытуцыяй, можа абараняць яе ўсімі магчымымі сродкамі.

„Таму мы выказваем вялікую ўдзячнасць усім неабыякавым грамадзянам Беларусі, якія выходзілі на вуліцы нашых гарадоў, прайшлі праз суды і адміністрацыйныя пакаранні і на ўвесь свет засведчылі, што незалежнасць ёсць найвялікшай каштоўнасцю для беларускага народа”, — лічаць прадстаўнікі БСДП (Грамада).

belapan.by

Фота tbm-mova.by