Завершаны прыём дакументаў для ўдзелу ў Народным галасаванні
Шэсць палітыкаў падалі дакументы, каб удзельнічаць у Народным галасаванні (праймерыз) па выбары адзінага кандыдата на прэзідэнцкую кампанію. Тэрміны падачы дакументаў скончыліся 16 лютага ў 23.59.
«Учарашні дзень быў самым выніковым, бо падалі свае дакументы для ўдзелу ў працэдуры па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл два прэтэндэнты – Ганна Канапацкая і Аляксей Янукевіч», – распавёў кіраўнік штаба праймерыз, старшыня БСДП Ігар Барысаў.
Такім чынам, неабходны пакет дакументаў падалі шэсць чалавек: старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня БХД Павел Севярынец, сустаршыня БХД (вылучалася зборам подпісаў) Вольга Кавалькова, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і старшыня БНФ Аляксей Янукевіч.
«На вялікі жаль, не паспеў сабраць неабходную колькасць подпісаў бізнесовец з Фаніпаля Уладзімір Усеня (адважыўся пачаць збор подпісаў усяго за два дні да сканчэння працэдуры), аднак нягледзячы на гэтую акалічнасць пагадзіўся працягваць дапамагаць дэмакратычным кандыдатам», – патлумачыў кіраўнік штабу.
Ад сённяшняга дня пачнецца праверка дакументаў і подпісаў, якія паступілі ў штаб Народнага галасавання (праймерыз). Яна будзе працягвацца да двух тыдняў. Працэдурай зоймецца кантрольны аддзел штаба.
Нагадаем, што прадстаўнікі пяці палітычных структураў (АГП, БСДП, БХД, Рух «За Свабоду» і Партыі БНФ) правялі 27 студзеня супольную прэс-канферэнцыю, на якой абвясцілі пра пачатак працэдуры абрання адзінага кандыдата ў прэзідэнты. Пасля рэгістрацыі кандыдатаў пачнецца галасаванне ў інтэрнэце і паездкі па рэгіёнах.
Паводле прэс-рэлізу