Мінфін: Дарожны збор будзе адвязаны ад тэхагляду



Міністэрства фінансаў лічыць неабходным унесці змены ў сістэму выплаты дарожнага збору і адвязаць гэты працэс ад працэдуры тэхагляду аўтамабіляў. Пра гэта заявіў міністр фінансаў Максім Ермаловіч 17 лютага журналістам па выніках даклада кіраўніку дзяржавы, паведамілі ў выпуску навін тэлеканала СТВ.

Паводле слоў кіраўніка Мінфіна, адпаведны праект указа прэзідэнта падрыхтаваны. «Гаворка ідзе пра захаванне існуючага парадку выплаты дарожнага падатку або платы за выкарыстанне дарожнай інфраструктуры з пашырэннем льгот для асобных катэгорый, зменай перыядычнасці выплаты, скідкамі для тых, хто гатовы аплачваць на больш доўгі тэрмін», – адзначыў Ермаловіч.

«На думку Міністэрства фінансаў, ён будзе адвязаны ад тэхагляду», – дадаў ён.

Ермаловіч расказаў, што цяпер разглядаюцца варыянты, калі будзе тэхнічная гатоўнасць да ўвядзення новай сістэмы. «Акрамя таго, будуць устаноўленыя больш справядлівыя і прымальныя для насельніцтва механізмы выплаты гэтага падатку», – адзначыў кіраўнік Мінфіна.

З 2014 года для фінансавання дарожнай інфраструктуры ўсіх аўтаўладальнікаў у Беларусі абавязалі выплачваць дзяржпошліну за выдачу дазволу на допуск транспарту да ўдзелу ў дарожным руху. Дзяржпошліну, якую таксама называюць дарожным зборам або транспартным падаткам, аўтаўладальнікі павінны выплачваць падчас праходжання тэхагляду за ўвесь перыяд дзеяння дазволу, гэта значыць да даты чарговага тэхагляду.

«Гэта выклікае нараканні з боку асобных грамадзян (пенсіянеры, асобы, якія эпізадычна эксплуатуюць транспартныя сродкі, у тым ліку матацыклы, прычэпы і інш.), бо такі парадак не ўлічвае інтэнсіўнасць (сезоннасць) выкарыстання дарог», – канстатавалі раней у Міністэрстве фінансаў.

У сувязі з гэтым Мінфін падрыхтаваў праект указа прэзідэнта аб змене сістэмы выплаты гэтай дзяржпошліны. Мяркуецца, што плата будзе ўносіцца грамадзянамі паводле заяўнага прынцыпу зыходзячы з запланаванага перыяду ўдзелу транспартнага сродку ў дарожным руху. Так, калі грамадзянін не будзе эксплуатаваць транспартны сродак (напрыклад у зімовы перыяд), то плата ўносіцца не будзе, а грамадзянамі, якія круглы год выкарыстоўваюць транспартныя сродкі, да ставак платы будзе прымяняцца паніжальны каэфіцыент.

У Мінфіна ёсць апаненты, якія лічаць, што гэты механізм досыць складаны. Самым простым і справядлівым яны мяркуюць уключэнне ўсяго фінансавага цяжару па дарожным будаўніцтве ў кошт аўтамабільнага паліва праз павелічэнне акцызаў альбо ўвядзенне дадатковага падатку на аўтамабільнае паліва.

Аднак, як раней адзначаў Максім Ермаловіч, сістэма ўключэння дарожнага збору ў кошт паліва была б для грамадзян найменш справядлівай. Пралічэнне гэтага варыянту паказала, што рост кошту паліва склаў бы больш за 10 капеек за літр. «І ўвесь гэты цяжар, які складае сотні мільёнаў рублёў, праз паліва размяркоўваецца практычна на ўсе перавозкі тавараў, уключаючы харчовую групу. Адпаведна, гэта прывядзе да агульнага росту цэн на харчовыя тавары. Такім чынам, людзі, у якіх няма аўтамабіляў, заплацяць гэты збор. У якіх ёсць аўтамабілі – заплацяць і праз паліва, і праз прадукты харчавання», – тлумачыў кіраўнік Мінфіна.

БелаПАН

Фота: БелТА