У Кітаі тэстуюць вакцыну супраць каронавіруса



Эксперыментальная вакцына супраць каронавіруса новага тыпу тэстуецца на жывёлах. Аб гэтым паведамілі ў Кітайскім цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў (CDC), перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».

Вакцына mRNA была сумесна распрацавана Кітайскім цэнтрам па кантролі і прафілактыцы захворванняў, школай медыцыны пры Універсітэце Тунцзі (якая базуецца ў Шанхаі) і кампаніяй Stermirna Therapeutics Co., Ltd. Узоры вакцыны былі ўведзеныя 100 з лішнім мышам. Гэта адбылося праз два тыдні пасля таго, як CDC паспяхова вылучыў першы штам новага каронавіруса.

У цэнтры папярэдзілі, што тэставанне на жывёлах – гэта вельмі ранняя стадыя распрацоўкі вакцыны, і што трэба будзе яшчэ зрабіць шмат крокаў, перш чым яна будзе гатовая для выкарыстання на людзях.

Правядзенне тэстаў на мышах з’яўляецца толькі пачатковай праверкай эксперыментальнай вакцыны. Далей будуць праводзіцца выпрабаванні на таксічнасць на больш буйных жывёл, такіх як малпы, каб забяспечыць бяспеку вакцыны пры яе ўжыванні на людзях у клінічных умовах, адзначаецца ў паведамленні са спасылкай на даследчыка з Універсітэта Тунцзі.

Цыкл распрацоўкі і вытворчасці вакцыны mRNA карацейшы, чым у традыцыйных вакцын. Шэраг даследчых інстытутаў і кампаній па ўсім свеце накіроўваюць намаганні на распрацоўку вакцын і прэпаратаў супраць каронавіруса новага тыпу.

zviazda.by