Статкевіч мае намер зарэгістраваць дзясяткі ініцыятыўных груп



Старшыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч у выпадку адмовы ў рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы на будучых прэзідэнцкіх выбарах плануе зарэгістраваць некалькі дзясяткаў ініцыятыўных груп «кандыдатаў пратэсту», каб яны мелі магчымасць легальна праводзіць вулічныя акцыі. Пра гэта палітык заявіў БелаПАН.

«У выпадку ж адмовы ў рэгістрацыі гэтых ініцыятыўных груп будзе вырашана папярэдняя задача – дэлегітымізацыя выбараў і так званага прэзідэнта. Не толькі для беларускага грамадства, але і для Захаду. Калі ён пачне так званыя выбары з незаконнай адмовы 80% кандыдатаў нават у рэгістрацыі ініцыятыўных груп, то адразу будзе відаць, што за кампанію яны праводзяць. Але нас гэта не спыніць. Мы не будзем гуляць у выбары, падманваць людзей, маўляў, абярыце адзінага кандыдата з праграмай. Мы гэтую хлусню ўзмацняць і рэтрансляваць не будзем», – сказаў Статкевіч.

Ён нагадаў, што падрыхтоўка да прэзідэнцкай кампаніі вялася яшчэ падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў.

«Я і мае калегі выкарыстоўвалі для падрыхтоўкі парламенцкую кампанію. Я правёў сустрэчы ў 15 гарадах, набіралі кандыдатаў. Потым мы вылучылі каля 40 чалавек, прычым яны ўсе вылучаліся з мэтай збору подпісаў у маю ініцыятыўную групу, таму што гэта самы свабодны перыяд», – сказаў палітык.

Ён заявіў, што больш як 3.600 грамадзян пакінулі пашпартныя дадзеныя і нумары тэлефонаў. На працягу некалькіх месяцаў актывісты правяралі сапраўднасць подпісаў.

«Цяпер завяршаецца праверка тых, хто падпісаўся, кожнаму з іх патэлефанавалі, але адмовіліся адзінкі. Для маёй групы іх хопіць. Затым, у законе не сказана, што ва ўсіх кандыдатаў павінны быць розныя члены ініцыятыўных груп. Пасля праверкі я пачынаю сустрэчы з імі, дзе буду тлумачыць стратэгію і прапаноўваць ім прыняць удзел у ініцыятыўных групах», – растлумачыў Статкевіч.

Пасля паездак будзе сфармавана ўніверсальная ініцыятыўная група для «кандыдатаў пратэсту».

«Я думаю, па 500–1.000 чалавек мы сфармуем універсальную ініцыятыўную групу, і я буду яе кіраўніком. Вылучаць кандыдатаў будзем у Менску, абласных цэнтрах, іншых гарадах. Прычым у буйных гарадах па некалькі чалавек, таму што мы дапускаем і жорсткія сцэнарыі ўладаў», – дадаў ён.

Раней у каментары БелаПАН Статкевіч паведамляў, што не плануе ўдзельнічаць у праймерыз апазіцыі па выбары адзінага кандыдата. На яго думку, адзінай годнай кандыдатурай з’яўляецца сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. Статкевіч не выключыў далейшага супрацоўніцтва і каардынацыі дзеянняў з ім.

Мікалай Статкевіч 17 студзеня 2019 года быў абраны прэтэндэнтам у кандыдаты на пасаду прэзідэнта ад Беларускага нацыянальнага кангрэса.

Статкевіч прымаў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, на якіх, паводле дадзеных ЦВК Беларусі, атрымаў 1,05% галасоў. Ён быў затрыманы падчас сілавога разгону акцыі на плошчы Незалежнасці. У маі 2011 года прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У жніўні 2015 года быў датэрмінова вызвалены.

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.

На ўдзел у выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі заяўкі падалі шэсць прэтэндэнтаў: намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец і кіраўнік руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч вылучаліся ад арганізацый, якія ўзначальваюць. Сустаршыня аргкамітэта БХД Вольга Кавалькова і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая вылучыліся шляхам збору подпісаў.

Акрамя таго, аб намеры прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах заяўлялі старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Сяргей Чэрачэнь. Таксама свайго кандыдата маюць намер вылучыць Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і грамадскі рух «Гавары праўду».

БелаПАН