Згадаем рэдактара «Новай дарогі»



17 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння беларускага дзеяча, выдаўца, паэта, гісторыка Хведара Ільяшэвіча (1910-1948).

Хведар Ільяшэвіч нарадзіўся ў Вільні. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і Віленскі ўніверсітэт. Працаваў выкладчыкам у Віленскай беларускай гімназіі. Напісаў працу пра друкарню Дома Мамонічаў у Вільні (1575-1622). Выдаў пры жыцці тры зборнікі паэзіі «Веснапесьні», «Зорным шляхам» і «Захварбаваныя вершы», напісаў і апублікаваў сотні артыкулаў.

Вучні Віленскай беларускай гімназіі з Хведарам Ільяшэвічам (крайні злева).

У перыяд акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі з дазволу германскіх улад у Беластоку 29 сакавіка 1942 года на беларускай мове пачала выдавацца газета «Новая дарога», якая па сутнасці з’яўлялася органам Беларускага аб’яднання ў Беластоку і якую рэдагаваў Хведар Ільяшэвіч. Праўда, гэта была не першая пасля прыходу нямецкіх войск газета ў Беластоку. Да «Новай дарогі» выйшлі з друку два нумары газеты «Беластоцкі голас», якія рэдагавалі Ільяшэвіч і Кандыба.

Сёння знайсці гэтыя два нумары «Беластоцкага голасу» цяжка. А вось «Новая дарога», хаця і не ўсе нумары, захоўваецца ў абласных архівах Беларусі і ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Сядзяць злева направа Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў і Тодар Лебяда. Беласток, 1943 г.

У 1942-1944 гадах, як пісаў гісторык Юры Туронак, «рухавіком інтэлектуальнага жыцця ў Беластоку быў у той час вядомы паэт і гісторык, вілянчук Хведар Ільяшэвіч – старшыня Беларускага аб’яднання і рэдактар «Новай дарогі». Сапраўды, Хведар Ільяшэвіч, жывучы ў Беластоку, працаваў і пісаў шмат. І дзе ён толькі знаходзіў час і сілы – рэдагаваць газету, пісаць вершы і вялікія артыкулы, інфармацыі пад рознымі псеўданімамі, наладжваць беларускія справы, арганізоўваць сустрэчы з беларусамі, мерапрыемствы, вырашаць школьныя праблемы. Ды яшчэ рабіць усё пад наглядам германскай улады, быць асцярожным і разважлівым, бо за ім пільна сачылі не толькі немцы, а і энкавэдысты. «Ільяшэвіч быў добрым, інтэлігентным, але не валявым чалавекам, – успамінаў Масей Сяднёў. – На працу ён стараўся прыходзіць у час і рэгулярна, хоць гэта рэгулярнасць часамі парушалася, і тады пачыналася нараканне на старшыню, на непарадкі… У яго не было вольнага часу, і ён усё рабіў паспешліва. Наўзверх яму трэба было пісаць штотыднёва Stimmungbericht (апісанне настрою сярод насельніцтва ў дачыненні да немцаў) – як ён тады лаяўся!»

Валянцін Таўлай, Сяргей Хмара, Тодар Лебяда, Масей Сяднёў, Алесь Салавей, Улядзімір Сядура, Хведар Ільяшэвіч, Аляксей Анішчык, Мінск, 1944 г.

30 траўня 1943 года «Новая дарога» надрукавала вялікі артыкул пра дзейнасць Беларускага аб’яднання ў Беластоку. Пад артыкулам не стаіць прозвішча аўтара, але яго пісаў, відаць, сам рэдактар Хведар Ільяшэвіч. У ім распавядалася пра дзейнасць аб’яднання, якое раней называлася Беларускі нацыянальны камітэт. Камітэт з’яўляўся беларускай арганізацыяй, якая вяла і арганізоўвала культурна-нацыянальную і палітычна-ўсведамляльную працу сярод беларусаў Беласточчыны. Аб’яднанне гуртавала ўсе жывыя беларускія сілы на шлях нацыянальнай працы і актыўнага ўдзелу ў змаганні за новы парадак. Так пісалася ў тым артыкуле…

Хведар Ільяшэвіч сярод беларускай моладзі ў Ватэнштаце

З 1944 года Хведар Ільяшэвіч жыў у Германіі. 6 лістапада 1948 года ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Яго пахавалі ў горадзе Галенсдорфе. У 2000 годзе ў Маладэчне Міхась Казлоўскі асобнай кніжачкай «Творы» выдаў яго выбраныя вершы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя