ЕАБР прагназуе зніжэнне тэмпаў росту эканомікі Беларусі



Еўразійскі банк развіцця прагназуе зніжэнне тэмпаў росту эканомікі Беларусі з-за скарачэння аб’ёмаў вытворчасці нафтапрадуктаў. Пра гэта гаворыцца ў чарговым макраэканамічным аглядзе ЕАБР.

„На пачатку гэтага года мы чакаем зніжэння тэмпаў эканамічнага росту краіны, у тым ліку з-за змяншэння выпуску нафтаперапрацоўчай галіны”, — адзначаюць аналітыкі банка.

Яны звяртаюць увагу, што эканамічная актыўнасць у снежні 2019 года ў Беларусі павялічылася. ВУП краіны па выніках года вырас на 1,2% (1,1% у студзені—лістападзе 2019 года). „Паскарэнне тэмпаў выпуску ў снежні тлумачыцца істотным паляпшэннем паказчыкаў прамысловага сектара, якое можа мець часовы характар”, — мяркуюць эксперты.

Разам з тым, паводле ацэнак ЕАБР, у снежні ў Беларусі было адзначана скарачэнне попыту на прадукцыю прадпрыемстваў індустрыяльнага сектара і памяншэнне аб’ёму заказаў на ўнутраным і знешнім рынках.

„У студзені—лютым бягучага года дадатковы ўплыў стрымлівання на прамысловую вытворчасць будзе мець няпоўная загрузка нафтаперапрацоўчых заводаў”, — канстатуюць аўтары агляду.

У пачатку 2020 года расейскія кампаніі спынілі пастаўку нафты ў Беларусь з-за адсутнасці падпісаных кантрактаў. Беларускія НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы, забяспечваючы ў першую чаргу патрэбы ў паліве на ўнутраным рынку.

Варта зазначыць, што паводле апошніх звестак Белстата, беларускі ВУП у студзені 2020 года знізіўся на 1,9% у параўнанні з такім жа перыядам 2019 года. Пры гэтым афіцыйны прагноз урада прадугледжвае рост ВУП за 2020 год на 2,8%, а бюджэт звярстаны па так званым кансерватыўным сцэнары — з улікам росту эканомікі на 1,9% за год.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназуюць, што з-за вялікага неэфектыўнага дзяржсектара магчымасці для росту беларускай эканомікі абмежаваныя. Сусветны банк чакае, што ў 2020 годзе рост ВУП Беларусі складзе 0,9%. Міжнародны валютны фонд прагназуе рост беларускай эканомікі на ўзроўні 0,3%.

belapan.by