Вайсковы шпіталь судзіцца з райвыканкамам



Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь праз суд патрабуе ад Смаргонскага райвыканкама аплаціць лячэнне прызыўніка  Мар’яна Санюка, які быў прызнаны непрыгодным да службы.

Падрыхтоўчае пасяджэнне па справе прайшло ў эканамічным судзе Гарадзенскай вобласці 18 лютага.

Як паведаміў суддзя Эдуард Кароль, маладога чалавека прызвалі ў лістападзе 2016 года. На той момант Марʼяну Санюку было 20 гадоў. Аднак падчас службы ён пачаў скардзіцца на здароўе і не змог выконваць свае абавязкі ў войску. Праз месяц пасля пачатку службы ён трапіў у лякарню – 432-гі ордэна Чырвонай Зоркі Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Малады чалавек прабыў на абследаванні і лячэнні 10 дзён.

Як высветлілася, праблемы са здароўем выклікаў стары пералом адной з костак чэрапа. У выніку камісія прызнала яго непрыгодным да службы ў войску ў мірны час, і хлопца датэрмінова звольнілі ў запас.

Падчас пасяджэння стала вядома, што Смаргонская раённая лякарня праводзіла ўласнае расследаванне, каб разабрацца ў прычынах памылковага прызыву. Выявілася, што Санюк падчас праходжання прызыўной камісіі не скардзіўся на здароўе, бачных праяў хваробы ў яго не было, а шэраг спецыялістаў агледзелі хлопца павярхоўна. У выніку вінаватыя медыкі атрымалі дысцыплінарнае спагнанне.

Шпіталь на ўтрыманне і лячэнне Санюка выдаткаваў 1.066 рублёў 43 капейкі (981 рубель за спальнае месца, 82 рублі 89 капеек за харчаванне, 2 рублі 54 капейкі за медыцынскае абслугоўванне). Каб вярнуць выдаткаваныя грошы, ён падаў іск у суд на Смаргонскі райвыканкам. Шпіталь звярнуўся ў суд амаль праз тры гады пасля апісанай сітуацыі, бо меў на гэта права – яшчэ не скончыўся тэрмін даўнасці.

Перад падрыхтоўчым пасяджэннем у судзе стала вядома, што бакі пачалі прымірэнчы працэс і падпісалі прымірэнчае пагадненне. Смаргонскі райвыканкам пагадзіўся добраахвотна выплаціць патрэбную суму. У выпадку прымірэння дзяржпошліна на судовыя выдаткі на 50% меншая: не 675 рублёў, а 337,5 рубля.

Як паведаміў суддзя, калі не зʼявіцца перашкод для прымірэння, суд пагодзіцца з рашэннем бакоў і прыме адпаведную пастанову. У гэтым выпадку Смаргонскі райвыканкам павінен будзе выплаціць галоўнаму ваеннаму клінічнаму медыцынскаму цэнтру Узброеных сіл 1.066 рублёў 43 капейкі да 1 чэрвеня 2020 года і дзяржпошліну ў 337 рублёў 50 капеек.

Падрыхтоўчае пасяджэнне было арганізаванае з дапамогай канферэнц-сувязі. Прадстаўнік шпіталя выйшаў на сувязь з Менска, райвыканкам не прысутнічаў на пасяджэнні. Былы прызыўнік не быў удзельнікам працэсу і таксама не прысутнічаў у судзе.

БелаПАН