У Пінску высвятляюць прычыну заражэння дзяўчынкі ВІЧ-інфекцыяй
У Пінску па факце заражэння 11-месячнай дзяўчынкі ВІЧ-інфекцыяй расследванне праводзіць Следчы камітэт і адмысловая камісія Міністэрства аховы здароўя.
Пакуль асноўная версія – нядбайнасць лекараў, але не выключаюцца іншыя варыянты. “У сітуацыях з ВІЧ могуць быць абсалютна нечаканыя моманты”, – кажа старшыня пінскай арганізацыі “Пазітыўны рух” Аляксандр Павяльчук, які больш за 20 гадоў займаецца дапамогай людзям са станоўчым ВІЧ-статусам:
– Па-першае, мы не ведаем людзей, якія блізкія да сям’і. Сёння модна вінаваціць медыцыну. Але мы не ведаем, што за людзі знаходзяцца вакол сям’і. Маглі быць і нейкія іншыя прычыны. Але ў нашы дні модна валіць усё на медыцыну. Я хачу сказаць, што сёння ў медыцыне не стэрылізуюць інструмент, а ўжываюць аднаразавы. Два разы ўкалоць дзіця, не ведаю, дарослага ніхто не коліць два разы адным шпрыцом.
Дарэчы, сям’ю дзяўчынкі праверылі на ВІЧ і ва ўсіх адмоўны вынік. Аляксандр Павяльчук не выключае, што зараз адбудзецца праверка ўсіх блізкіх, сяброў і знаёмых гэтай сям’і. Адзначым, што паказнік захворвання ВІЧ у Пінску амаль у чатыры разы перавышае абласны, і ў два разы – рэспубліканскі.
Беларускае Радыё Рацыя