БДУ істотна падвышае кошты на навучанне



З 1 сакавіка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт падвышае кошт навучання, паведамілі  TUT.BY  у прэс-службе ВНУ.

Гэта ўжо другое падвышэнне за год. Яго мэта — «прывесці кошты на навучанне ў адпаведнасці з выдаткамі на яго», адзначылі ў прэс-службе. На розных факультэтах і спецыяльнасцях БДУ кошт навучання падвысіўся ў сярэднім на 12 працэнтаў, а гэта каля 400-500 рублёў у год.

Папярэдні раз кошт навучання ў БДУ падвышаўся перад пачаткам навучальнага года, у ліпені 2019-га. Тады цэны для студэнтаў павялічыліся ў сярэднім на 300 рублёў.

Названыя сумы студэнты плацяць толькі за першыя тры гады навучання. На апошнім, чацвёртым, курсе, кошт крыху ніжэйшы.

Загад аб чарговым падвышэнні кошту рэктар БДУ Андрэй Кароль падпісаў 17 лютага 2020 года. Для студэнтаў, якія не аплацілі навучанне да канца года, будзе праведзены пераразлік па ўжо новых коштах.

Таксама кошты на навучанне падняліся ў БДЭУ і ў Берасцейскім дзяржуніверсітэце імя Пушкіна.