Кіраўнікі Беларусі і Егіпта падпісалі пакет дакументаў



Аляксандр Лукашэнка 19 лютага правёў у Каіры перамовы з прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

Спачатку сустрэча прайшла ў фармаце сам-насам, затым да кіраўнікоў дзяржаў далучыліся члены дэлегацый, адзначаецца ў рэлізе.

Па выніках перамоў бакі падпісалі пакет дакументаў. Сярод іх міжурадавая выканаўчая праграма аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі, пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.

Як паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, дакумент распрацаваны з мэтай фармавання дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва. Ён вызначае асноўныя прынцыпы і формы ўзаемнай дапамогі, парадак узаемадзеяння пры падаванні інфармацыі, неабходнай для выяўлення, спынення і расследавання правапарушэнняў і злачынстваў. «Рэалізацыя гэтага пагаднення будзе спрыяць не толькі павышэнню ўніфікацыі і гарманізацыі мытных працэдур, але і акажа станоўчы ўплыў на выкананне задач, якія стаяць перад мытнымі органамі дзвюх дзяржаў», – адзначылі ў ДМК.

Паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, паміж міністэрствамі замежных спраў быў заключаны мемарандум аб узаемадзеянні. Ён прадугледжвае стварэнне сумеснай камісіі высокага ўзроўню па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва і палітычнага дыялогу паміж Беларуссю і Егіптам на ўзроўні міністраў замежных спраў. Яшчэ адзін мемарандум аб узаемадзеянні падпісаны паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Цэнтральным банкам Егіпта.

Двухдзённы афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Егіпет пачаўся 19 лютага. Акрамя перамоў з Абдэль Фатахам аль-Сісі ў плане візіту шэраг іншых сустрэч, а таксама наведванне новай адміністрацыйнай сталіцы Егіпта, якая будуецца за 45 кіламетраў на ўсход ад Каіра. Падчас візіту Лукашэнкі ў Каіры пройдзе пасяджэнне беларуска-егіпецкага савета дзелавога супрацоўніцтва.

БелаПАН