Пра асвятленне праблемы моўнай дыскрымінацыі



Гісторыя з кубачкам гарбаты ў фірмовай краме “Камунарка” атрымала нечаканы працяг. Галоўны герой скандалу, на які адрэагавалі нават у Савеце Федэрацыі РФ, Арамаіс Міракян публічна на сваёй старонцы прызнаўся, што інцыдэнт адбыўся не з ім, а з ягоным прыяцелем Русланам Юсупавым. Маўляў, гэта ягоны сябар прасіў па-беларуску кубак гарбаты, а ў адказ пачуў ад прадавачкі “гаварыце на зразумелай мове” і пагрозу выклікаць ахову. Сам Арамаіс, паводле ягоных словаў, пры гэтым прысутнічаў побач і пацвярджае праўдзівасць здарэння. 

На прызнанне Арамаіса гнеўна адрэагавалі некаторыя журналісты і рэдактары беларускіх СМІ, якія асвятлялі сітуацыю на старонках сваіх выданняў. Арамаіс, які яшчэ пару дзён таму выглядаў героем у вачах многіх беларусаў, у момант стаў аб’ектам для цкавання ў сацыяльных сетках. У сваё апраўданне ён заявіў, што распавёў пра сітуацыю ад свайго імя, каб “ахапіць” большую колькасць карыстальнікаў, паколькі ягоны прыяцель Руслан не з’яўляецца публічнай асобай. Адпаведна, калі б не ён, пра скандал з прадавачкай, якая непачціва паставілася да беларускай мовы, даведалася б вузкае кола фэйсбучных карыстальнікаў.

Не закранаючы аспект рэпутацыйных стратаў герояў моўнага канфлікту, хочацца, аднак, засяродзіцца на пазітыўных эфектах ад усёй гісторыі.

Калі гаварыць пра беларускія СМІ, якія беспярэчна ўзялі на веру версію расказчыка, не зрабіўшы належнага фактчэкінгу, то цяпер многія журналісты пры асвятленні падобных канфліктаў задумаюцца пра тое, што стандартныя правілы працы, калі патрэбны каментар другога боку, ніхто не адмяняў. Такім чынам, канкрэтны выпадак наўрад ці паўплывае на імідж незалежных СМІ ў сілу сваёй малазначнасці (гаворка не ідзе пра карупцыю ці наўмыснае скажэнне фактаў у СМІ), але ў цэлым можа палепшыць якасць журналісцкае работы.

Аператыўная і нервовая рэакцыя расейскай прапагандысцкай машыны на нязначнае здарэнне ў Менску, калі інфармацыю падхапілі флагманскія СМІ і нават “сенатар” Ігар Марозаў, якія адразу абвінавацілі беларусаў у раздзьмуванні нацыяналізму, паказала, што нашая дзяржава знаходзіцца ў эпіцэнтры інфармацыйнай вайны. Падобныя інцыдэнты з абаронай моўных правоў беларусамі падаюцца ў шэрагу СМІ РФ як праявы русафобіі, з’яўляюцца падставай для нагнятання нянавісці да носьбітаў беларускай мовы. Выпадак з Арамаісам Міракянам дазваляе ідэнтыфікаваць несяброўскія да нашай краіны СМІ, а таксама непрыяцеляў беларускай дзяржаўнасці, якія самі абазначылі сваю пазіцыю ў гэтай інфармацыйнай дыверсіі.

З іншага боку, абсурдная рэакацыя расейскіх высокапастаўленых асобаў на прыватны выпадак у менскай кавярні звярнуў увагу многіх беларусаў на праблему моўнай дыскрымінацыі. Калі раней выпадкі хамскага стаўлення да грамадзянаў, якія размаўляюць на роднай мове, рэдка заўважала шырокая грамадскасць, то цяпер многія беларусы, прачытаўшы пра здарэнне, прынамсі, вывучылі слова гарбата. Зрэшты, тыражаванне навіны пра моўную дыскрымінацыю мела месца не толькі праз неабмежаваны давер да асобы “выпускніка журфаку БДУ” і проста добрага хлопца з фэйсбука Арамаіса, колькі праз тое, што сапраўды ў Беларусі носьбіты роднай мовы штодня сутыкаюцца з праявамі дыскрымінацыі (пачынаючы ад дыялогаў з касіркамі ў краме і лекарамі ў паліклініках, сканчваючы судамі і дзяржаўнымі ўстановамі). Пакуль у Беларусі дзяржава насамрэч не забяспечыць рэальнае двухмоўе, канфлікты на глебе моўнай дыскрымінацыі будуць здарацца і надалей. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ