Украінец Аляксандр Ануфрыенка стаў гульцом менскага СКА



Менскі СКА дасягнуў пагаднення на пераход маладога ўкраінскага гандбаліста Аляксандра Ануфрыенка.

18-гадовы лінейны ростам 195 см – ураджэнец Запарожжа, выступаў за ЗТР і «Матор». У «СКА-Менск» Аляксандр будзе гуляць пад 35-м нумарам, адзначае афіцыйны сайт клуба.

Ягор Герасімаў прабіўся ў 1/8 фіналу турніру ў Марсэлі

Беларус Ягор Герасімаў (72-ы нумар рэйтынгу АТП) выйшаў у 1/8 фіналу турніру ў французскім Марселі. У матчы 1/16 фіналу Герасімаў перайграў прадстаўніка Аўстрыі Дэніса Новака (95 АТП) з лікам 7:6 (7:3), 6:3. У матчы за выхад у чвэрцьфінал супернікам Ягора Герасімава будзе бельгійскі тэнісіст Давід Гофэн.

Футбалісты берасцейскага «Дынама» перамаглі «Каспій» на зборы ў Турцыі

Беларускія футбольныя клубы правялі чарговыя кантрольныя матчы на перадсезонным зборы ў Турцыі. Чэмпіёны Беларусі футбалісты берасцейскага «Дынама» з мінімальнай перавагай адолелі казахстанскі «Каспій» з Актаў – 1:0. Адзіны гол у сустрэчы на 74-й хвіліне забіў Максім Вітус. Бронзавы прызёр беларускага чэмпіянату салігорскі «Шахцёр» разышоўся мірам з грузінскім клубам «Дылан» з Горы – 0:0. Футбалісты «Іслачы» саступілі казахстанскаму «Іртышу» з Паўладара з лікам 1:3. У Іслачы гол забіў Мамо Янсанэ.

Ягор Зубовіч стаў пятым беларусам у «Жэтысу»

Нападнік Ягор Зубовіч, які нядаўна растаўся з менскім «Дынама», па звестках pressball.by падпісаў кантракт з казахстанскім «Жетысу», у якім знаходзіўся на праглядзе. У складзе «Жэтысу» выступаюць і іншыя беларусы – абаронцы Андрэй Лебедзеў, Мікіта Навумаў, Андрэй Залескі і паўабаронца Вадзім Пабудзей.

Аляксей Протас набраў 4 ачкі за вечар у WHL

Беларускі форвард «Прынс-Альберта» Аляксей Протас прызнаны трэцяй зоркай дня ў Заходняй хакейнай лізе (WHL). У матчы з «Реджиынай», які яго каманда выйграла з лікам 5:2, Протас набраў 4 (2+2) ачкі. Цяпер на рахунку Аляксея 70 (28+42) ачкоў у 50 матчах рэгулярнага чэмпіянату.

Уладзімір Верамеенка ўпершыню за амаль 13 гадоў згуляе за зборную Беларусі

Форвард «Цмокі-Менск» Уладзімір Верамеенка трапіў у выязны склад зборнай Беларусі на матч прадкваліфікацыі чэмпіянату свету-2023 супраць каманды Кіпра. 20 лютага 35-гадовы Верамеенка згуляе за нацыянальную каманду ўпершыню за амаль 13 гадоў. Апошні раз шасціразовы найлепшы баскетбаліст краіны згуляў за зборную Беларусі ў верасні 2007 года на чэмпіянаце Еўропы ў дывізіёне «Б». У 2017 годзе Уладзімір афіцыйна абвясціў аб завяршэнні кар’еры ў нацыянальнай камандзе.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ska-minsk.by