Эксперты: Рэцэсія ў Беларусі можа назірацца ўвесь год



З улікам няпэўнасці ў нафтавай сферы ёсць рызыка таго, што рэцэсія (зніжэнне ВУП) у Беларусі будзе назірацца ўвесь 2020 год. Такі прагноз утрымліваецца ў квартальным эканамічным аглядзе, які падрыхтавалі эксперты Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC).

«Аднак такі сцэнарый наўрад ці будзе прымальны для ўладаў. Таму можна чакаць, што на парадку дня зноў узнікнуць пытанні давання фіскальных і манетарных стымулаў», – прагназуюць яны.

Эксперты BEROC звяртаюць увагу на тое, што расейская нафта для Беларусі працягвае даражэць, і гэта пагаршае ўмовы дзейнасці не толькі беларускіх НПЗ, але і перспектывы эканомікі ў цэлым.

«Не пазней за 2022 год у гэтым выпадку Беларусь вымушаная будзе альбо зніжаць аб’ёмы нафтаперапрацоўкі, альбо прапаноўваць іншыя сістэмныя адказы на падаражанне сырой нафты. Разам з тым даць такія адказы складана з-за надзвычай важнай ролі сектара нафтаперапрацоўкі для нацыянальнай эканомікі», – лічаць аўтары агляду.

Яны адзначаюць, што доля сектара нафтаперапрацоўкі ў ВУП складае менш за 1%, але «за кошт маштабных галіновых узаемасувязяў, а таксама мультыплікатыўнага ўплыву на попыт уздзеянне гэтага сектара закранае не менш як 8,5% ад ВУП».

«Акрамя таго, ён (сектар нафтаперапрацоўкі) іграе важную ролю ў забеспячэнні знешняй, фіскальнай, а таксама фінансавай стабільнасці ва ўсёй эканоміцы», – гаворыцца ў аглядзе.

Беларускія ўлады, нагадаем, настойваюць на атрыманні кампенсацыі за расейскі падатковы манеўр. Крэмль звязвае гэтае пытанне з «паглыбленнем інтэграцыі» паміж двума краінамі, але беларускія ўлады бачаць пагрозу страты суверэнітэту ў выпадку прыняцця расейскіх прапаноў.

У студзені 2020 года Расея з-за неўрэгуляваных спрэчак у нафтавай сферы скараціла пастаўкі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. На гэтым фоне ВУП Беларусі ў першы месяц новага года знізіўся на 1,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

БелаПАН