Павел Ляхновіч: Ён імкнуўся пазнаёміць свет з унікальнасцю Палесся
У Пінску, у межах Тыдня роднай мовы, гарадская бібліятэка зладзіла для моладзі краязнаўчы занятак “З любоўю да роднага краю”, які прысвяцілі памяці знаўца Палесся Аляксея Дуброўскага. Краязнаўца вядомы далёка па-за межамі краіны сваімі здымкамі і артыкуламі на прыродазнаўчую, экалагічную і гістарычную тэматыку.
Ягоны сябра, пісьменнік Павел Ляхновіч адзначае, што Дуброўскі імкнуўся пазнаёміць свет з унікальнасцю Палескага края:
– Працягнуў сваімі фатаграфіямі, выставамі справу Вітвіцкай, была такая тут полька. Гэта ў тым жа рэчышчы яго фатаграфіі былі. Хаця можа з большым ухілам да прыроды, чым да людзей. У Вітвіцкай больш людзі. Такім чынам ён працягваў адкрываць гэтыя мясціны для ўсяго свету. Вадзіў сюды экскурсіі з замежнымі журналістамі, з прыродазнаўцамі з замежных краін. Адкрываў для свету Беларусь увогуле і Палессе.
Пры жыцці Аляксей Дуброўскі паспеў выдаць зборнік краязнаўчых нататак “Палігон”, дзе між іншым уздняў тэму дачарнобыльскай радыяцыі на Палессі, а таксама фотаальбом “Край пад белымі крыламі”.
Беларускае Радыё Рацыя