Віталь Гайдучык стаў гульцом „Руху”



Абаронца Віталь Гайдучык падпісаў кантракт з „Рухам” да канца гэтага сезона, паведамляе афіцыйны сайт берасцейскага клуба. У мінулым сезоне 30-гадовы футбаліст выступаў за „Тарпеда”-БелАЗ, у складзе якога правёў 16 матчаў і забіў 1 гол.

Беларускі паўабаронца Кірыл Капленка працягне кар’еру ў „Арэнбурзе”. Клуб, за які выступаюць галкіпер Андрэй Клімовіч і абаронца Міхаіл Сівакоў, арандаваў футбаліста у „Зеніта”. Раней Капленка выступаў за дублёрны склад піцерскага клуба – „Зеніт-2”.

Вера Лапко трапіла ў кваліфікацыйны ліст турніру ў Маконе

Беларуская тенісістка Вера Лапко лічыцца ў кваліфікацыйным лісце турніру серыі ITF у французскім Маконе, што стартуе на наступным тыдні. Апошні раз Лапко выходзіла на корт 2 ліпеня 2019 года, прайграўшы на старце „Уімблдона” кітаянцы Ван Цян

Ягор Герасімаў упершыню ў кар’еры перамог гульца топ-10

Адолеўшы бельгійца Давіда Гафэна (10 АТП) у другім крузе турніру ў Марсэлі (6:4, 7:6), першая ракетка Беларусі Ягор Герасімаў (72) здабыў першую ў кар’еры перамогу над прадстаўніком топ-10 сусветнага рэйтынгу. Тры папярэднія паядынкі супраць прадстаўнікоў дзясяткі былі для Герасімава пройгрышнымі. У пятніцу на турніры ў Марсэлі беларус згуляе з канадцам Феліксам Ожэ-Альясімам (18).

Названы склад беларускай каманды на этап КС па фрыстайле ў „Раўбічах”

Стаў вядомы склад мужчынскай і жаночай каманд на этап Кубка свету па лыжнай акрабатыцы, які 22-23 лютага пройдзе ў „Раўбічах”. У стартах мужчын Беларусь прадставяць Максім Гусцік, Павел Дзік, Дзмітрый Мазуркевіч, Ігар Драбенкоў, Андрэй Кузьмін, Юрый Белы і Макар Мітрафанаў. На жаночым турніры выступяць беларускі Яна Ермашэвіч, Валерыя Болматава, Сняжана Драбенкова і Ганна Дзяруга. Этап Кубка свету па фрыстайле пройдзе ў „Раўбічах” 22-23 лютага.

Арлоўскі правядзе наступны бой 2 траўня. Супернік – Філіпэ Лінс

Былы чэмпіён UFC у цяжкай вазе беларус Андрэй Арлоўскі правядзе наступны бой 2 траўня на турніры UFC Fight Night 174, які пройдзе ў Аклахоме. Яго супернікам стане дэбютант арганізацыі Філіпэ Лінс. Арлоўскі ўсяго аднойчы перамог у апошніх шасці баях. Усяго за кар’еру ў беларуса 28 перамог і 19 паразаў. У 34-гадовага бразільца Лінса 14 перамог і 3 паразы.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя