Семінар, на якім вучацца распазнаваць фэйкньюсы
Маніпуляцыя ў СМІ, постпраўда і фэйкньюсы… Як распазнаць, тэорыя і практыка. Каля 30 маладых удзельнікаў сабраліся на Падляшшы на адмысловую сустрэчу і дыскутуюць пра сучасныя медыя. Тут 5 дэлегацый з пяці краін: Беларусь, Украіна, Польшча, Літва і Латвія. У праграме дыскусіі і заняткі, якія праводзяць самі удзельнікі праекта. Што важна, яны на дыскусіях працуюць без трэнераў, ніхто ім не навязвае сваё аўтарытэтнае меркаванне. А сабраў прадстаўнікоў пяці краінаў – Беларускі дом у Варшаве, які рэалізуе праект.
Расказвае кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:
– Гэта маладыя людзі, якія прыехалі падыскутаваць, паразмаўляць, папрацаваць практычна, маю на ўвазе стварэнне фільмаў, стварэнне інфармацый, дэманстрацыя фэйкньюсаў, такой паўпраўды, постпраўды, дэманстрацыя маніпуляцый інфармацыяй на прыкладзе аўдыё, відэа, звычайных друкаваных тэкстаў, дзеянняў у сацыяльных сетках, дыскусій.
Практычны вынік такіх сустрэчаў, як кажа Алесь Зарэмбюк, – пашырэнне інфармацыі і навыкаў, як распазнаць прапаганду. Удзельнікі ініцыятывы вернуцца ў свае краіны і будуць пашыраць інфармацыю сярод аднадумцаў, прадстаўнікоў сваіх ініцыятываў. Сярод удзельнікаў – студэнты, маладыя журналісты і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый розных кірункаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя