Павел Севярынец: Мы ўпершыню выбралі такую форму для аб’яднання



Прэтэндэнты на адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі на прэзідэнцкія выбары неўзабаве пачынаюць паездкі па рэгіёнах. З 6 да 10 сакавіка сустрэчы будуць адбывацца ў гарадах Віцебскай вобласці.

Кажа адзін з прэтэндэнтаў на адзінага – сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец:

– Форма, якую мы выбралі для таго, каб аб’яднацца, у Беларусі не ўжывалася ніколі. Гэта народнае галасаванне. Гэта значыць, што ў 80 гарадах Беларусі мы будзем прыязджаць цэлай камандай з прэтэндэнтамі, яны будуць выступаць перад вамі і кожны будзе выкладаць сваё бачанне як дамагчыся перамогі, як рэфармаваць Беларусь. А на стале будзе стаяць скрыначка, і вы зможаце падыходзіць да яе і апускаць ваш бюлетэнь за таго ці іншага кандыдата, які вам спадабаўся. Пасля таго, як гэты чалавек будзе абраны, ён стане адзіным лідарам дэмакратычных сіл, мы прымем стратэгію, як мы будзем дзейнічаць у гэтай кампаніі 2020 года.

Нагадаем, што для ўдзелу ў праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі на прэзідэнцкія выбары свае кадыдатуры заявілі кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў, старшыня Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова і Павел Севярынец, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Ганна Канапацкая, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя