У Віцебску прайшоў фестываль “Прадмова”



Віцебск стаў першым горадам, які сёлета сустрэў фестываль інтэлектуальнай кнігі. На чарзе – Берасце  і Гародня, завяршыцца вандроўка “Прадмовы” у  Менску, дзе фестываль пройдзе з 2-га па 5-га красавіка. У кожны з абласных гарадоў прыедзе свой адмысловы “літаратурны дэсант” – каманда аўтараў і выдаўцоў, сфармаваная паводле апытанак мясцовых жыхароў. На жаль, задаволіць усе запыты не ўдалося, паведаміла каардынатарка імпрэзы, паэтка Дар’яй  Бялькевіч. Прыкладам, пісьменніка Уладзіміра Арлова хацелі бачыць і ў Віцебску, і ў Гародні, але сустрэнуцца з ім толькі гарадзенцы. Паэт Віталь Рыжкоў таксама аказаўся вельмі запатрабаваным у сваіх прыхільнікаў з розных гарадоў, але тут Віцебску пашанцавала. 

“Прадмова” прыехала ў абласны цэнтр і з новым, сёлетнім, слоганам, кажа Дар’я Бялькевіч:

– Гучыць ён так: “Не трэба шмат, каб пачаць”. Людзі прыходзяць, купляюць кнігу, знаёмяцца з кімсьці, і гэта не так шмат. Інтэлектуальная кніга яднае ўсе віды мастацтва, навукі, нават калі гэта дзіцячая кніга, яна ўсё адно павінна быць інтэлектуальнай. Вось такія кнігі ўдзельнічаюць у нашым фестывалі.

Праграма “Прадмовы” у Віцебску была вельмі разнастайнай, цікавай і для дзяцей, і для дарослых. Свае кнігі прадставілі літаратары, перакладчыкі, адбыліся дыскусіі, прэзентацыі часопісаў, тэатралізаваныя выступы. Ахвотныя змаглі набыць кнігі выдавецтваў “Логвінаў”, “Галіяфы”, “ARCHE”, часопісы з серыі “Наша Ніва” і “Суродзічы” ды атрымаць аўтографы аўтараў і перакладчыкаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск