Інфармацыя супраць маніпуляцыі



Завяршыўся праект моладзевага абмену Erasmus “Інфармацыя супраць маніпуляцыі”. Як распазнаць фэйк-ньюсы і прапаганду, як пісьменна ўспрымаць патокі інфармацыі, што ідуць са СМІ і нават сацыяльных сетак. На Падляшшы збіраліся моладзевыя дэлегацыі з Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. Тыдзень спрэчак і дыскусій, удзельнікі розныя, але – аднолькавыя веды.

Данат Платонаў: Я ўдзельнік каманды Латвіі. Я стараюся пры дапамозе крытычнага мыслення, якое мы развіваем на дадзеным праекце, злажыць сваю кропку гледжання. Зразумела, цяжка распазнаваць фэйкі, калі ты не прафесіянал у першую чаргу. Мне здаецца, у нашым 21 стагоддзі вельмі прыгожа можна завуаляваць хлусню, што людзі гэтага нават не зразумеюць.

Пятровіч Наста: Я прадстаўнічка “Задзіночання беларускіх студэнтаў”. Больш разумею пра маніпуляцыю, пра тое, як працуюць СМІ. Зараз будзе прасцей разбірацца ў тым, што адбываецца ў Беларусі.

Сустрэчы праходзілі ў польскай вёсцы Нарэйкі на мяжы з Беларуссю. Арганізатарам праекту моладзевага абмену выступіў Беларускі дом у Варшаве.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com/BelaruskiDom