„Белавія” працягвае палёты ў Італію



Авіякампанія «Белавія» працягвае палёты ў Італію, а вяртанне набытых квіткоў на рэйсы ў гэтую краіну магчымае толькі згодна з правіламі тарыфу, паводле якіх яны былі набытыя. Пра гэта гаворыцца ў каментары авіякампаніі ў сувязі са зваротамі адносна выканання рэйсаў з Беларусі ў Італію, дзе зафіксаваная ўспышка каронавіруса COVID-19.

«Па сітуацыі на 24 лютага 2020 года ніякіх забарон на выкананне палётаў у гарады Італіі няма. Мы выконваем палёты па маршрутах Менск – Мілан – Менск і Менск – Рым – Менск, як і ўсе авіякампаніі свету, у штатным рэжыме. Таму зварот квіткоў можа ажыццяўляцца толькі ў адпаведнасці з правіламі тарыфу, паводле якіх яны набываліся», – падкрэсліваецца ў каментары.

Італія ўвяла надзвычайныя меры па перадухіленні распаўсюджвання каронавіруса ў сувязі з яго самай сур’ёзнай успышкай у Еўропе. Яна была зафіксаваная ў мінулыя выхадныя ў паўночных рэгіёнах краіны, у Ламбардыі і суседняй вобласці Венета. Тэлекампанія RAI паведамляе, што ад пнеўманіі, выкліканай вірусам, у Італіі ўжо памерлі шэсць чалавек. «Ёсць 224 пацверджаныя выпадкі каронавіруса. У прыватнасці 172 у Ламбардыі, 27 у Венета, 18 у Эміліі-Раманье, 4 у Пʼемонце і 3 у Лацыя», – гаворыцца ў паведамленні.

Дзясяткі гарадоў Італіі на каранціне, адменены Венецыянскі карнавал, мадэльер Джорджа Армані вырашыў правесці паказ у пустой зале.

БелаПАН