Relikt на біс: “Дрэва жыцця” ў акустыцы з аўтэнтычным сюрпрызам!
Беларускі гурт Relikt дасць канцэрт „Дрэва жыцця. Акустыка” ў Моладзевым тэатры эстрады ў Менску 17 красавіка. Падчас імпрэзы ў акустычных аранжыроўках прагучаць песні з новага альбома, а таксама некаторыя старыя і ўсімі любімыя кампазіцыі.
“Гурт Relikt мае два бакі: адзін – моцны, энергічны, другі – меладычны і прыгожы. Усе бачылі моц беларускага “Дрэва жыцця” на прэзентацыі, але яшчэ не чулі, як яно прыгожа гучыць у камерным акустычным выкананні. Гэта зусім іншая праграма – для тых, хто хоча плаваць у спакойнай музычнай плыні і чуць кожны нюанс, каму патрэбнае сузіранне ўнутранага свету”, – кажа лідар Relikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.
Апроч гітар і перкусіі, на канцэрце можна будзе пачуць глюкафон, цін вістл, традыцыйныя беларускія дудкі і шмат чаго яшчэ.
Дарэчы, яшчэ напачатку сваёй творчай дзейнасці менавіта з акустычнай праграмай гурт атрымаў гран-пры фестывалю “Jesień Bardów” у Польшчы.
“Мы рыхтуем адмысловы выступ – ён будзе падобны на спа-тэрапію душы пад гукі акустычных гітар і нягучных барабанаў, пад гукі голаса, які будзе спяваць ціха, але не задасць сэрцу тугі”, – рэзюмуе музыка.
Альбом “Дрэва жыцця” запісваўся і зводзіўся на легендарнай кансолі SSL 4000 з лос-анджалескай студыі кампаніі Yamaha, з якой працавалі Motorhead, Стыві Уандэр, Чэт Аткінс ды іншыя зоркі.
Рэліз атрымаў найвышэйшыя ацэнкі прафесіяналаў музычнай індустрыі і слухачоў (у тым ліку прэмію Understage за найлепшае гучанне), трапіў у топ беларускіх альбомаў года па версіі Onliner, быў рэкамендаваны карыстальнікам сервісу “Яндэкс.Музыка” ў разделе “Новае”.
Спецыяльным госцем мерапрыемства будзе гурт ASTROŪNA, які спяе аўтэнтычныя народныя песні, што сталі асновай альбома “Дрэва жыцця”, так, як яны гучалі, калі іх спявалі ў даўніну. ASTROŪNA выконвае архаічныя беларускія песні ў традыцыйнай манеры – акапэльна і пад пад акампанемент старажытных інструментаў.
Relikt аб’ядноўвае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім фальклорам, паказваючы яго ў нязвыклым выглядзе і робячы актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. У дыскаграфіі каманды 6 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD і 9 відэакліпаў. Гурт атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.
«Дрэва жыцця» прарасло ў Re:Public. Relikt прэзентавалі публіцы новы альбом (фота)
17 красавіка Моладзевы тэатр эстрады
Пачатак канцэрту: 19:00.
Кошт квіткоў: 15р-29р
Квіткі анлайн тут
Адрас пляцоўкі: г. Менск, вул. Маскоўская, 8а