У 2019 годзе Беларусь павялічыла імпарт легкавых аўтамабіляў



У 2019 годзе ў Беларусь было ўвезена 106,6 тыс. легкавых аўтамабіляў – імпарт павялічыўся на 22,8% у параўнанні з папярэднім годам. Згодна са звесткамі афіцыйнай статыстыкі, у вартасным выражэнні імпарт аўтамабіляў вырас на 13% у параўнанні з 2018 годам і дасягнуў 1,24 млрд долараў.

Асноўным пастаўшчыком легкавых аўтамабіляў у Беларусь была Расея (больш за 70% ад усіх у краіну). Імпарт з РФ летась вырас на 7% да 77 тысяч аўтамабіляў.

На думку прадстаўнікоў бізнесу, імпарт легкавых аўтамабіляў у 2019 годзе ў Беларусь стымуляваў указ прэзідэнта № 140 «Аб кампенсацыi мытных пошлін, падаткаў», прыняты вясной 2019 года. Ён прадугледжвае мытнае афармленне аўтамабіляў з 50-працэнтнай скідкай бацькам у шматдзетных сем’ях і інвалідам I і II груп.

Старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч у пачатку гэтага года заявіў, што ўказ № 140 стымуляваў шэры імпарт аўтамабіляў – ён згенераваў рызыкі для пакупнікоў на рынку, таму што ў гэтым канале продажу выяўляецца вельмі шмат ашуканскіх схем.

Наступствы ўказа сталі зʼяўляцца ў другім паўгоддзі 2019 года. «Калі ў першы і другі кварталы мы яшчэ бачылі досыць добрыя тэмпы росту продажу новых аўтамабіляў аўтадылерамі, то восенню і зімой рынак прыкметна зваліўся, – адзначыў Міхневіч. – На другасным рынку зʼявілася прапанова свежых аўтамабіляў – трох-пяці гадоў выпуску, увезеных у Беларусь па 140-м указе прэзідэнта. Увогуле, мы называем гэта шэрым імпартам, не зусім законным, таму што перагоншчыкі грошай у бюджэт не плацяць».

Варта адзначыць, што ў 2019 годзе Беларусь разам з імпартам рэзка павялічыла экспарт легкавых аўтамабіляў – на 76% да 19,6 тыс. адзінак.

Дырэктар беларуска-кітайскага СЗАТ «Белджы» Генадзь Свідзерскі ў студзені заявіў, што летась прадпрыемства вырабіла 20,1 тыс. аўтамабіляў. «Рэнтабельна працуем, рэнтабельнасць пакуль невялікая – 5%. Але гэта дало магчымасць у канцы года падзяліцца часткай свайго прыбытку з пакупнікамі, абвясціўшы нейкія маркетынгавыя акцыі», – сказаў Свідзерскі.

БелаПАН