Таццяна Караткевіч: Ад дыялога трэба пераходзіць да супрацы
Дыялог і супраца Еўразвяза і Беларусі будуць адбывацца на падмурках каштоўнасцей еўрапейскай дэмакратыі, – такую выснову зрабіла сустрашыня грамадскай кампаніі „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч пасля двухгадзіннай размовы з дэлегацыяй Еўрапарламенту па сувязях з Беларуссю.
З беларускага боку у размове ўдзельнічалі таксама сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў і іншыя.
Як адзначыла Таццяна Караткевіч, перад размовай з прадстаўнікамі апазіцыі еўрадэпутаты сустрэліся з пісьменніцай, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Святланай Алексіевіч.
– Яны сустракаліся з Алексіевіч, цяпер з намі – прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Яны пацверджваюць, што ім цікавая Беларусь, што еўрапейскія палітыкі цікавяцца тым, што адбываецца. Запэўнілі нас, што дыялог і супраца будзе адбывацца на падмурках каштоўнасцяў еўрапейскай дэмакратыі. Па-другое, канешне, яны пацвердзілі, што ім цікава рухацца наперад у гэтым дыялогу. Мы выступалі за дыялог з Еўропай. Мы працягваем нашу лінію, што ад дыялога трэба пераходзіць да супрацы.
Але так, каб грамадзянская супольнасць была ў яго ўключана, каб не было ніякай манаполіі і аднабаковасці,- падкрэсліла Таццяна Караткевіч. Па яе словах, неабходна выпрацаваць прыярытэты партнёрства, якія дазволяць пашыраць гарызантальныя сувязі паміж грамадзянамі Беларусі і Еўразвязам, каб уцягваць шырокае кола грамадзянаў у трансфармацыйныя працэсы ўнутры Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя