У Гародні дыскутавалі пра права на горад



У „Цэнтра гарадскога жыцця” Гародні адбылася сустрэча – дыскусія пад назвай „Права на Горад”. Тэмай дыскусіі былі культурныя ініцыятывы і турыстычны патэнцыял гораду.

Для гарадзенца, краязнаўца ды стваральніка Музею мініяцюр „Grodno Mini” гэта была яшчэ адной спробай прадставіць адмысловы музей Гародні. Кажа Ігар Лапеха:

– Музей – гэта форма выказвання свайго меркавання. Я паказваю ў пэўнай форме, што горад страціў, што мог бы мець, што можна аднавіць у гэтым горадзе. 

На думку Таццяны Піскун, якая прадстаўляла турыстычны сектар, сустрэча была магчымасцю прадставіць турыстычныя перспектывы Гародні:

– Калі мы ў тым жа духу працягнем, то нас чакаюць дастаткова вялікія перспектывы. Нам ёсць над чым працаваць, напрыклад, у нас не хапае гатэляў. Сэрвіс, нейкія забавы, дадатковыя паслугі – усё гэта мы можам прадстаўляць турысту.

Сустрэча была арганізавана выданнем Hrodna.life і сабрала паўсотні чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча