Акцыя грузаперавозчыкаў ля Дома ўрада не адбылася



Акцыя грузаперавозчыкаў, якая была  запланаваная на раніцу 4 лютага ля Дому ўраду, не адбылася.

З самай раніцы на выхадах з метро ўзмоцненыя нарады міліцыі. Каля Дома ўрада стаяць два аўтобусы са спецназам. А каля БДУ — «Газель» спецведамства.

Напярэдадні вечарам арганізатар акцыі грузаперавозчыкаў Сяргей Штода быў арыштаваны і пакараны судом на 15 сутак.

Вечарам 3 лютага дырэктар фірмы міжнародных грузаперавозак Сяргей Штода накіраваўся на сустрэчу з віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім. Ён спадзяваўся дамовіцца пра скасаванне штрафаў за нібыта парушэнні правілаў перавозак грузаў у рамках сістэмы BelToll. Пасля таго як Сяргей Штода накіраваўся ў Саўмін, сувязь з ім абарвалася, пазней яго засудзілі нібыта за лаянку. Сёння ў прызначаны час ніхто не прыйшоў, апрача журналістаў і супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным.

Беларускія грузаперавозчыкі абвінавачваюць улады ў спробе знішчыць недзяржаўны сектар міжнародных транспартных паслугаў і ў адмове правесці абяцаную ім амністыю па штрафах за карыстанне платнымі дарогамі BelToll.

Беларускае Радыё Рацыя