Маслюкова: Людзі разлічваюць, што некалькі актывістаў абароняць увесь Светлагорск?
Жыхароў Светлагорска працягвае хваляваць праца завода беленай цэлюлозы ў вёсцы Якімава Слабада. Да барацьбы супраць працы шкоднага прадпрыемства далучаюцца новыя людзі.
Сябра ініцыятыўнай групы праціўнікаў працы шкоднай вытворчасці Алена Маслюкова сказала, што хапае і тых, хто баіцца выступаць нават у абарону ўласнага здароўя.
– З вясны, усё лета і пачатак восені вецер будзе дуць на горад. І вось тады мне будзе цікава паглядзець на ўсіх гараджан, якія будуць задыхацца. Канешне, я думаю, што ў нас на плошчы прыбавіцца людзей. Не разумею, як можна сябе не бараніць?! І на што разлічваюць людзі? Яны разлічваюць, што выйдзе на плошчу Маслюкова, Сомава, Наскова і мы абаронім увесь горад? Ой, дзякуй вам, што вы гэта робіце. Разумееце, мне не патрэбна падзяка людзей. Яны ніяк не могуць зразумець, што я выходжу за сябе, за сваю сям’ю, за маіх унучак, якія тут жывуць. Дык і вы выйдзіце за сваіх!
Алена Маслюкова дадала, што змаганне з чыноўнікамі працягнецца, і людзі не будуць слухаць пустыя словы і абяцанні, якія ўжо былі раней. Працягнуцца як акцыі на плошчы, так і распаўсюд інфармацыі пра шкодную вытворчасць, а ўвесну будзе праведзена навуковая канферэнцыя з удзелам замежных спецыялістаў.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org