Пасля месяца арышту Алесю Круткіну прысудзілі яшчэ 15 сутак



Актывісты кампаніі “Еўрапейская Беларусь” прыйшлі сустракаць свайго аднадумцу з віцебскага ізалятара часовага ўтрымання. 

Але чакалі дарма: высветлілася, што яшчэ ў першай палове дня блогера  адвезлі  ў Лепель на новы суд. З дарогі Алесь Круткін патэлефанаваў маці і папрасіў звязацца з адвакатам, якая бараніла яго падчас мінулага судовага працэсу. Ад абаронцы стала вядома, што лепельскі суд пакараў хлопца яшчэ 15-цю суткамі арышту. Падрабязнасці таго, у чым звінавацілі  Алеся Круткіна, пакуль не вядомыя.

Агульны тэрмін пакаранняў, прысуджаны блогеру  і актывісту трыма судамі, складае ўжо 45 сутак.  Першы 15-суткавы арышт ён адбыў у Полацку і часткова ў Віцебску за ўдзел у менскай  акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі , якая адбылася ў Менску. Апошні арышт, з-пад якога Алесь Круткін так і не выйшаў, быў прысуджаны яму ў Віцебску за налепку “Калгаснай дыктатуры – баста”, наклееную на будынак абласной пракуратуры.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск